У Мінску рабочыя затрымалі кур'ера махляроў

Яны западозрылі нядобрае, калі ўбачылі, як пенсіянерка выкідвае з акна дзіўны пакет.

20.12.2024 / 12:48

Скрыншот відэа МУС

Мужчыны працавалі ў адным з двароў па вуліцы Талбухіна. Раптам яны заўважылі, як на балконе пенсіянерка стукае ключамі па агароджы. Спачатку яны падумалі, што бабуля звяртаецца да іх. Але затым яна нечакана кінула з балкона пакет, які адразу падняў малады чалавек.

Рабочыя спыталіся ў яго, што адбываецца. Той растлумачыў, што ён кур'ер, і яму трэба забраць пасылку і перадаць яе атрымальніку. Камунальнікі затрымалі хлопца і выклікалі міліцыю.

Аказалася, што бабуля трапіла на махлярства па схеме «Алё, мама». Ёй патэлефанавалі невядомыя і сказалі, што пляменніца трапіла ў аварыю. Каб ёй дапамагчы, пенсіянерка пагадзілася аддаць 9800 долараў.

Грошы павінен быў забраць кур'ер. Хлопец знайшоў падпрацоўку ў месенджары, гэта быў яго першы заказ. За кожную пасылку яму абяцалі па 200 рублёў. У пад'езд ён не змог патрапіць, таму вырашылі, што бабуля кіне пакет з балкона.

Грошы пенсіянерцы вернуць, распачата крымінальная справа.

Nashaniva.com