У Лошыцкай сядзібе ў суботу пройдзе баль па матывах «Дзікага палявання караля Стаха»
21 снежня а 16:00 у музеі «Лошыцкая сядзіба» пачнецца зімовы баль. Вечар абяцае падарыць наведвальнікам атмасферу музыкі, танцаў і ўспамінаў пра культавы твор беларускай літаратуры, піша Onliner.by.
20.12.2024 / 09:52
Праграма натхнёная сюжэтамі аповесці Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», якая адзначае адразу дзве юбілейныя даты: 60 гадоў з дня яе першай публікацыі і 45 гадоў з дня выхаду аднайменнага фільма. Сувязь з Лошыцкай сядзібай падкрэслівае той факт, што адна са сцэн карціны была знятая на яе тэрыторыі.
Пачнецца вечар з музычнай праграмы «Танцавальны вечар у беларускіх сядзібах». У выкананні артыстаў прагучаць творы Агінскага, Манюшкі, Шапэна і іншых кампазітараў. Затым гледачоў чакае танцавальная імпрэза «Баль у Надзеі Яноўскай» з вальсамі, мазуркамі і менуэтамі. Таксама ў рамках мерапрыемства выступяць беларускія музыканты Таццяна Старчанка і Юлія Ражкоўская, артысты тэатра пантамімы «мімы спяшаюцца на дапамогу» і народнага тэатра «на Доўгім Бродзе».
Для тых, хто любіць актыўнасці, арганізатары правядуць два майстар-класы па гістарычных танцах. Завершыць вечар тэатральнае прадстаўленне «Шэры воўк энд Чырвоны каптурок» у інтэрпрэтацыі артыстаў Народнага тэатра.
Таксама жадаючыя змогуць узяць удзел у квэсце па выставе, прысвечанай фільму «Дзікае паляванне караля Стаха». Падчас гульні наведвальнікі даведаюцца, як стваралася стужка Валерыя Рубінчыка.