22 беларускіх спецыялістаў эвакуявалі з Сірыі
Яны працавалі там па кантрактах і пасля падзення рэжыму Асада аказаліся заблакаванымі ў краіне.
20.12.2024 / 09:17
Фота: Wikimedia Commons
Эвакуацыя забяспечана па выніках працы пасольства Беларусі ў Сірыі і консульскай службы МЗС, у тым ліку консулаў, якія знаходзяцца цяпер у Бейруце, піша БелТА.
22 чалавекі, якія знаходзіліся ў Сірыі па камерцыйных кантрактах для абслугоўвання Цішрынскай ЦЭС, шчасліва пакінулі краіну і ўжо рухаюцца на радзіму па тэрыторыі Расіі.
МЗС Беларусі ўдзячна ўсім, у тым ліку замежным партнёрам і Ганароваму консулу Беларусі ў Ліване, хто аказваў садзейнічанне ў вырашэнні гэтага няпростага пытання, гаворыцца ў паведамленні.