Страта «Успенскага мяшка»: частка ўкраінскіх вайскоўцаў не змагла выйсці з акружэння

Расійскія войскі захапілі Працоўнае і Успенаўку, завяршыўшы акупацыю апошняга фрагмента «Успенскага мяшка», паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на DeepState.

20.12.2024 / 07:43

DeepState

Аналітыкі адзначаюць, што не ўсе ўкраінскія падраздзяленні змаглі выйсці з акружэння. Гэтае пытанне, як адзначаюць у DeepState, застаецца на сумленні тых, хто дапусціў такую сітуацыю.

Цяпер праціўнік перагрупоўваецца на займаным участку, а таксама актывізаваўся на флангах ужо новага патэнцыйнага «мяшка». Без спынення здзяйсняюцца штурмавыя дзеянні са Старых Церняў у напрамку адрэзка Шаўчэнка — Андрэеўка. Дадатковы ціск прысутнічае з боку Сонцаўкі, якую расіяне таксама нядаўна занялі цалкам.

Ворагі таксама актыўна атакуюць раён Зеленаўкі, ужываючы тэхніку і пяхоту для прасоўвання да новых стратэгічных аб'ектаў, у прыватнасці, Андрэеўкі праз Канстанцінопаль.

Nashaniva.com