Пуцін прапанаваў Захаду дуэль: атачыць Кіеў сіламі СПА і ўдарыць па ім «Арэшнікам»
Уладзімір Пуцін настойліва даводзіць, што роўных ракетнай сістэме «Арэшнік» у свеце няма, і збіць яго ніхто не ў стане.
19.12.2024 / 13:34
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, выступаючы на прамой лініі 19 снежня, заявіў, што сістэмы супрацьпаветранай абароны, якія зараз стаяць у Еўропе, не могуць збіць ракеты сістэмы «Арэшнік». Тым экспертам на Захадзе, якія не вераць у магчымасці «Арэшніка», ён прапанаваў правесці «высокатэхналагічную дуэль XXI стагоддзя».
«Хай вызначаць нейкі аб'ект для паразы, скажам, у Кіеве, засяродзяць туды ўсе свае сілы СПА і ПРА, а мы нанясём туды ўдар «Арэшнікам». І паглядзім, што будзе. Мы да такога эксперыменту гатовы. Ці гатовы іншы бок?» — сказаў Пуцін.
21 лістапада Узброеныя сілы РФ нанеслі ракетны ўдар па Дняпры, ужыўшы, паводле Пуціна, эксперыментальную балістычную ракетную сістэму сярэдняй далёкасці «Арэшнік». Пуцін заявіў, што пры масіраваным ужыванні ракет сістэмы «Арэшнік» моц удару будзе супастаўная з ужываннем ядзернай зброі.