На Гомельшчыне машына насмерць збіла двух мужчын нападпітку
У Гомельскай вобласці машына «Газэль» насмерць збіла на трасе двух пешаходаў, паведамляе прэс-служба МУС.
18.12.2024 / 21:13
Трагедыя адбылася сёння каля шостай вечара.
На 109-м км дарогі М-10 «Мяжа РФ — Гомель — Кобрын» быў здзейснены наезд на траіх пешаходаў. Мужчыны ў стане алкагольнага ап'янення рухаліся па праезнай частцы дарогі ў спадарожным кірунку без святлоадбівальных элементаў.
У выніку ДТЗ два пешаходы 34 і 38 гадоў загінулі, 26-гадовы кіроўца «Газэлі» і 31-гадовы пешаход не пацярпелі.