У Магілёве касірка выклікала міліцыю на прадаўца валюты, бо даляры не хрусцелі

Магілёвец здаў у абменнік для абмену чатыры купюры па 100 даляраў. Банкаўскі работнік, з-за адсутнасці характэрнага хрусту паперы западозрыўшы нядобрае, выклікаў міліцыю.

18.12.2024 / 16:10

Кліент банка растлумачыў, што гэтымі купюрамі з ім разлічыліся за працу, і ён знаходзіўся ва ўпэўненасці, што грошы нефальшывыя. Для вырашэння пытання аб сапраўднасці «сумніўных» грашовых білетаў іх накіравалі ў Магілёўскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Па выніках праведзенага даследавання эксперт прыйшоў да высновы, што чатыры купюры выраблены прадпрыемствамі, якія ажыццяўляюць вытворчасць прадукцыі гэтага віду, — іншымі словамі, з'яўляюцца сапраўднымі.

Што тычыцца адсутнасці характэрнага хрусту, эксперты тлумачаць, што з-за ўмоў захоўвання і працяглага выкарыстання папера грашовых білетаў можа мяняць свае ўласцівасці, дадзеная акалічнасць можа ўводзіць грамадзян у зман. Тады трэба звярнуцца да экспертаў.

Nashaniva.com