Масава прадаваць елкі Мінлясгас пачне ў выходныя. Колькі будуць каштаваць навагоднія дрэвы

Першы аб'ект па продажы навагодніх елак ад Мінлясгаса запрацаваў у Мінску 14 снежня на вуліцы Баграціёна. Астатнія пункты адкрыюцца ў Мінску ўжо 21 і 22 снежня, даведаліся ў Мінск-Навінах.

18.12.2024 / 14:37

21 і 22 снежня ў Мінску масава пачнуць адкрывацца пункты, дзе можна будзе купіць навагодняе дрэва ад Мінлясгаса. Цэны абяцаюць ніжэй, чым у прыватнікаў.

Напрыклад, у Мінскім лясгасе елка да метра ў вышыню каштуе прыкладна 20 рублёў, ад метра да двух — каля 30 рублёў, ад двух да трох — крыху больш за 35 рублёў. Даражэй абыдуцца дрэвы ў кадках — ад 38 рублёў.

Як удакладніла Анастасія Мацкевіч, сакратар Міністэрства лясной гаспадаркі, цэны ў рэгіёнах могуць адрознівацца. Вялікім попытам у беларусаў карыстаюцца звычайныя елкі. З кожным годам усё больш пакупнікоў аддаюць перавагу іглічным дрэвам у кадках.

Nashaniva.com