Блогер прапанаваў падлетку пазваніць маці і сказаць, што той пераходзіць на беларускую мову. Якая была рэакцыя маці?
Блогер і музыка Ілля Шынкарэнка цяпер, бадай, галоўны папулярызатар беларускай мовы сярод моладзі. Яго чарговае відэа — пра рэакцыю падлеткаў і бацькоў на прапанову перайсці на беларускую мову.
18.12.2024 / 14:23
Ілля Шынкарэнка прапанаваў хлопцу на вуліцы 20 рублёў, каб той абвясціў па тэлефоне маці, што пераходзіць на беларускую мову.
Шынкарэнка даў хлопцу ліст з беларускамоўнымі рэплікамі, якія маглі спатрэбіцца пры такой гутарцы.
— Ало, мама, вітаю, што робіш? — гэта рэпліка на беларускай мове прайшла незаўважанай, быццам звычайна сын так і гаворыць.
Маці спытала яго ў адказ па-руску, ці хапіла яму грошай на нешта.
— Ведаеш, я вырашыў, што цяпер буду размаўляць толькі па-беларуску, — прачытаў сын рэпліку са шпаргалкі ад Шынкарэнкі.
— Па-беларуску… — задумалася маці і працягнула сама ўжо таксама па-беларуску. — Я зараз адпрацавала і прыбіраю кухню, буду гатаваць ежу.
— Я вельмі люблю Янку Купалу і Якуба Коласа, — зачытаў з ліста падлетак. — А ты не хочаш таксама перайсці на беларускую мову?
— З захапленнем, — спакойна падтрымала сына маці.
Развіталіся яны па-беларуску:
— Да сустрэчы.
— Да сустрэчы, сынок.
Падлетак атрымаў ад блогера 20 рублёў. А на пытанне Шынкарэнкі: «Дык што, пераходзіце на беларускую?» — адказаў: «Да».
Відэа атрымала больш за 25 тысяч падабаек, праглядзелі яго амаль 300 тысяч разоў, яно сабрала больш за 600 каментаў — у асноўным людзі падбадзёрваюць і з захапленнем ставяцца да беларускай мовы, маці хлопца і аўтара відэа.