Пад Баранавічамі заўважылі незвычайную жывёлінку

У Баранавіцкім раёне жанчына на рыбалцы заўважыла вельмі незвычайную жывёлу. На вадаёме ў вёсцы Палонка гараджанцы здалося, што гэта белая норка. Але, як адзначаюць эксперты, у прыродзе такіх не сустрэнеш.

18.12.2024 / 09:59

Але пытанне, хто гэта, не даваў спакою. Яснасць унёс кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры прыродазнаўчых дысцыплін педагагічнага факультэта БарДУ Сяргей Рындзевіч, піша Blizko.by.

Паводле яго слоў, можа падацца, што гэта норка-альбінос, якія могуць сустракацца ў прыродзе:

— Аднак усе прыкметы, уключаючы колер вачэй, носа паказваюць, што гэта белая амерыканская норка. Гэта штучна выведзеная парода. Хутчэй за ўсё, яна аднекуль збегла. 

А ці можа яна самастойна выжыць у Беларусі? Адказ — станоўчы. Сілкуецца звярок рыбай, жабамі, птушкамі, дробнымі грызунамі, і казуркамі.

Белая амерыканская норка — гэта адна з формаў афарбоўкі амерыканскай норкі, якая з'яўляецца папулярным мехам у вытворчасці адзення і аксесуараў.

Белая афарбоўка звычайна дасягаецца дзякуючы селекцыі, і такія асобіны могуць мець розныя адценні, якія вар'іруюцца ад амаль белага да светла-крэмавага. Мех белай норкі адрозніваецца высокай цеплааховай і шаўкавістай тэкстурай, што робіць яго каштоўным у моднай індустрыі.

У эканамічным плане белая амерыканская норка мае высокі кошт, бо футра лічыцца раскошным і валодае добрымі эксплуатацыйнымі характарыстыкамі.

Nashaniva.com