Момант падрыву ў Маскве генерала і яго ад'ютанта трапіў на ВІДЭА
У сеціве з’явіліся кадры падрыву расійскага генерала Ігара Кірылава і яго памочніка каля дома на Разанскім праспекце ў Маскве.
17.12.2024 / 14:45
Начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны УС РФ, генерал-лейтэнант Ігар Кірылаў і яго памочнік былі забіты выбухам сёння ў Маскве. Выбух раздаўся, калі мужчыны выходзілі з пад'езда. Імаверна, выбухоўка была ў самакаце, які стаяў каля дома.
Украінскі бок афіцыйна не каментаваў гэта, але шмат якія СМІ апублікавалі аднолькавыя паведамленні са спасылкай на крыніцы, што за нападам на расійскага генерала стаіць СБУ.
Кірылаў там названы «цалкам законнай цэллю». «Кірылаў — вайсковы злачынец і абсалютна законная цэль, паколькі ён загадаў ужыць забароненую хімічную зброю супраць украінскіх вайскоўцаў. Такі ганебны канец чакае ўсіх, хто забівае ўкраінцаў. Адплата за ваенныя злачынствы непазбежна», — падкрэслілі крыніцы ў СБУ.
СБУ ўчора апублікавала ў тэлеграм-канале падазрэнне Ігару Кірылаву. Сцвярджаецца, што ён адказны за прымяненне хімзброі супраць УСУ на ўсходнім і паўднёвым франтах Украіны.
Кірылаў вядомы тым, што абвінавачваў ЗША ў стварэнні баявых камароў для Украіны: ён распавядаў аб біялабараторыях ва Украіне, створаных ЗША, якія вывучалі вірусы, здольныя перадавацца праз камароў. Таксама ён казаў аб планах ЗША дастаўляць камароў з дапамогай беспілотнікаў, каб заражаць вайскоўцаў праціўніка. Ён жа тлумачыў рост захворвання птушыным грыпам у Расіі міграцыяй заражаных птушак з Украіны.
Сёння ў Кірылава павінен быў быць чарговы брыфінг Мінабароны, піша канал 112.