Макс Корж за тыдзень прадаў усе квіткі на канцэрт у Варшаве 

Выступ адбудзецца 9 жніўня 2025 года — дата, якая звярнула на сябе ўвагу

17.12.2024 / 11:25

Выглядае, што дата абраная невыпадкова, бо 9 жніўня наступнага года будзе 5-я гадавіна галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Продаж квіткоў пачаўся 10 снежня.

Макс Корж — адзін з самых вядомых беларускіх спевакоў. Апошнія гады ён не выступаў у Беларусі, бо яго ўнеслі ў чорны спіс. Праз сваю антываенную пазіцыю артыст не можа даваць канцэрты і ў Расіі, дзе ў яго вялізная аўдыторыя.

У 2022 годзе пасля пачатку вайны ён выпусціў песню «Свой дом». Там ёсць наступныя радкі: «Тот прав, кто защищает свой дом». У другія ўгодкі вайны прэзентаваў песню «Халодная раніца».

У ліпені 2024 на канцэрце ў Таліне ён заклікаў спыніць вайну. «Можна жыць у кайф, але пакуль мы не спынім вайну, паўнавартасна жыць у кайф у нас не атрымаецца. Спыніце вайну. Ніхто, акрамя нас, яе не спыніць», — заявіў са сцэны артыст.

15 кастрычніка лукашэнкаўскія сілавікі паведамілі, што патэлефанавалі Максу Каржу і выклікалі яго на гутарку. Нагодай для гэтага стаў нібыта «шэраг скаргаў». ГУБАЗіК быў незадаволены тым, што на яго канцэртах некаторыя людзі ўздымаюць бчб-сцягі, а самога Каржа абвінаваціў у падтрымцы Украіны ў вайне. 

На гутарку Корж не з'явіўся, а замест таго выехаў за мяжу. Праз месяц ён выдаў правакатыўны і шматсэнсоўны кліп.

Nashaniva.com