Сёння пачалі судзіць віцебскага доктара, якога моцна збілі пры затрыманні

Аляксандра Рандарэнку і Дзяніса Саўчанку затрымалі ў красавіку — падчас анлайн-стрыма з правакатарам яны сказалі, што «святкуюць» тэракт у «Крокус Сіці Холе», піша «Вясна».

17.12.2024 / 10:48

Праз некалькі дзён сяброў асудзілі за «прапаганду нацызму» (ч. 1 арт. 19.10 КаАП) — і калі для Саўчанкі гэтым адміністрацыйным судом усё і скончылася, то для Рандарэнкі — толькі пачыналася. Аляксандру прызначылі як мінімум 75 сутак арышту. Пры гэтым некаторыя суткі яму далі проста за наяўнасць украінскага вымпела на стале і выкрык «Слава Украіне» падчас трансляцыі ў чат-рулетцы.

Пазней стала вядома, што ў дачыненні да Рандарэнкі распачалі крымінальную справу за «рэабілітацыю нацызму» (ч. 1 арт. 130-1 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Судзіць хлопца пачалі 17 снежня ў Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме, суддзя — Яўген Буруноў.

Nashaniva.com