У Беларусі распаўсюдзяць Віфлеемскі агонь, але даставяць не з Віфлеема

Сёлета ўзброены канфлікт на Блізкім Усходзе перашкодзіў даставіць Агонь непасрэдна з Віфлеема.

17.12.2024 / 08:06

Упершыню за ўсю гісторыю акцыі будзе распаўсюджвацца агонь, які з мінулага года захоўвалі аўстрыйскія скаўты. Каталіцкія скаўты Беларусі наведаюць больш за 140 рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх парафій, каб даставіць Віфлеемскі агонь міру, піша katolik.life.

У бліжэйшыя суботу і нядзелю, 21-22 снежня, ад гэтага сімвала Раства можна будзе запаліць лампады ў храмах, каб занесці ў свае дамы.

Сёлета ўзброены канфлікт на Блізкім Усходзе перашкодзіў даставіць Агонь непасрэдна з Віфлеема.

У месцы зямнога нараджэння Ісуса Хрыста другі год запар не будуць паўнавартасна адзначаць Каляды.

Таму ўпершыню за ўсю гісторыю акцыі будзе распаўсюджвацца Віфлеемскі агонь, які з мінулага года захоўвалі аўстрыйскія скаўты, гаворыцца на старонцы прыходу ў Варнянах.

У Беларусь традыцыйна перадаюць Віфлеемскі агонь польскія скаўты (харцары).

А 15 снежня сімвал Раства ўжо прыбыў ва Украіну — у грэка-каталіцкай царкве Ужгарада адбылася цырымонія перадачы агню міру ўкраінскім пластунам ад скаўтаў Славакіі.

Nashaniva.com