Мілыя косткі
Містычная рэтра-меладрама Пітэра Джэксана
Падступна-звабны рэкламны буклет іншага свету для 14-гадовых падлеткаў.
04.03.2010 / 14:10
Чатырнаццацігадовая дзяўчынка (узыходная зорка Сірша Ронан) была забітая сваім суседам-маньякам. Цяпер гераіня з іншага свету назірае за жыццём сваякоў і марыць пра пакаранне забойцы…
Стужка Пітэра Джэксана — падлеткавая містыка з тактоўнай адсутнасцю крывавых сцэнаў. Рэжысёр грае на дэталях, умела нагнятае хічкокаўскі саспенс, сакавіта выкарыстоўвае актораў. Але цікавей мантажныя стыкі замагілля і будзённасці. Вось бацька (Марк Ўолберг) пакутуе па загіблай дачцэ і ставіць ля шыбы свечку. Вось хіпушная бабулька Сьзан Сарандон радуе пацешным няўмельствам. Вось маньяк-педант, чысценькі і банальны (кашмарна-гнюсная роля Стэнлі Тучы). І вось — калярова-пасмяротныя дзявочыя сны пад музыку Браяна Іна; шчымлівае рэтра 70-ых, памаранчава-ціхае і нябёсна-блакітнае.
Але, як і ў «Фантазіуме доктара Парнаса» стужка кульгае на «безгеройнасць» дый падмяняе дзеянне зрокаваю раскошай. Што яшчэ важней, іншы свет — рэкламны буклет для падлеткаў, падступна-звабна пазбаўлены канфесійных прыкметаў.
Але скажыце яшчэ дзякуй, што аўтар «Страшыдлаў» і «Жывой мерцвячыны» абмежаваўся слязліва-медыумічным спатканнем з «мілымі косткамі».