Палкоўнік Булаўка: Усе гэтыя арышты, пасадкі паказваюць моц дзяржавы
Сваю пазіцыю Анатоль Булаўка аргументаваў словамі капітана Жаглова з савецкага серыяла.
16.12.2024 / 21:07
Анатоль Булаўка. Скрыншот відэа СТБ
На ток-шоу «По существу» на СТБ абмяркоўвалі беларускую армію і наступныя выбары. Дэпутат і палкоўнік Анатоль Булаўка апраўдваў арышты па палітычных матывах:
«Хачу працытаваць словы галоўнага героя фільма «Месца сустрэчы змяніць нельга»: сіла дзяржавы вызначаецца не наяўнасцю зладзеяў, а здольнасцю дзяржавы з імі змагацца (калі дакладней, у серыяле міліцыянт Жаглоў казаў, што так вызначаецца не сіла дзяржавы, а правапарадак. — НН). Таму гэтыя ўсе арышты, пасадкі — гэта якраз і паказвае моц дзяржавы».
Пасля палкоўнік дадаў, што перад выбарамі чакае «дробныя пакудствы і правакацыі».
«Але казаць пра тое, што да 26 студзеня пойдуць танкі на Беларусь — напэўна, не варта пужаць людзей», — спахапіўся Булаўка.
Трэба сказаць, што палкоўнік Булаўка не першы раз на тэлебачанні цытуе капітана Жаглова. Аргумент, які выручае яго на любым ток-шоу.