Памёр Анатоль Дастанка

14 снежня памёр навуковец у галіне цвёрдацельнай мікраэлектронікі, былы кіраўнік Вышэйшага атэстацыйнага камітэта, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анатоль Дастанка. Яму было 87 гадоў.

16.12.2024 / 20:48

Анатоль Дастанка

Анатоль Дастанка нарадзіўся 2 ліпеня 1937 года ў вёсцы Вобчын Любанскага раёна. Скончыў Рэчанскую сярэднюю школу

У 1955—1957 гадах працаваў рознарабочым у Любані, у 1956—1957 — машыністам халадзільных машын і ўстановак рыбазавода ў горадзе Гагры ў Грузіі. У 1957 годзе паступіў у Таганрогскі радыётэхнічны інстытут, які скончыў у 1962-м па спецыяльнасці «Электронныя прыборы».

Спярша працаваў у Таганрогу, але ў 1970-м вярнуўся на радзіму. 

З 1975 года працаваў загадчыкам заснаванай ім кафедры тэхналогіі радыёэлектроннай апаратуры Мінскага радыётэхнічнага інстытута. З 1985 па 1993 год — прарэктар, першы прарэктар па вучэбнай рабоце РТІ, з 1993 года — старшыня Вышэйшай атэстацыйнай Камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, а пасля яе пераўтварэння ў 1995 годзе да 2001-га — старшыня Дзяржаўнага вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь.

З 1986 года быў членам-карэспандэнтам, а з 1991-га — акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. 

Меў 248 вынаходніцтваў (укаранёна ў рэальную вытворчасць і навуковы працэс больш за 60). Таксама быў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР 1982 года і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 1996 года, уладальнікам ганаровых званняў «Заслужаны вынаходнік СССР» і «Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР», ганаровым грамадзянінам горада Любані.

Памёр рэктар БелДУТ Юрый Кулажанка

Памёр Пётр Фідэрмак — славацкі святар, які прычыніўся да будаўніцтва нунцыятуры ў Мінску

Памерла Таццяна Цюрына

Nashaniva.com