Стала вядома, супраць каго ў Беларусі ЕС увёў новыя санкцыі

Еўрасаюз увёў санкцыі супраць 26 фізічных асоб і дзвюх кампаній з Беларусі. 

16.12.2024 / 16:21

Рада ЕС 16 снежня дапоўніла санкцыйныя спісы новымі фізічнымі асобамі і кампаніямі з Беларусі.

Пад санкцыі трапіў лагістычны аператар ТАА «ВЛАТЭ Лагістык», які валодае транспартна-лагістычнымі цэнтрамі «Брузгі» і «Бераставіца», а таксама ў спісе кампанія «Рузэкспедыцыя», якая «атрымлівае выгаду ад рэжыму і садзейнічае абыходу санкцый ЕС, удзельнічаючы ў пастаўках аўтамабіляў, продаж якіх з ЕС у Беларусь забаронены».

Сярод фізічных асоб называюцца фінансавы дырэктар Dimicandum Invest Holding LTD Андрэй Свірыдаў, саўладальнікі ТАА «ВЛАТЭ Лагістык» Дзмітрый Замулевіч і Уладзімір Аркадзьеў, гендырэктар «Беларуськалія» Андрэй Рыбакоў, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў.

У санкцыйны спіс таксама дадалі суддзяў, адказных за фабрыкаванне палітычна матываваных прысудаў:

Вера Філонік — суддзя Брэсцкага абласнога суда;

Ірына Прадун — суддзя і старшыня суда Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці;

Віталь Сініла — суддзя і старшыня суда Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці;

Вадзім Мазоль — суддзя суда Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці;

Ніна Шастак — суддзя Брэсцкага абласнога суда;

Ірына Майко — суддзя Мінскага абласнога суда;

Васіль Бягун — суддзя Гомельскага абласнога суда;

Яўген Брэган — суддзя Брэсцкага абласнога суда;

Аляксандр Мохараў — суддзя суда Савецкага раёна Гомеля;

Алеся Осіпава — суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля;

Віктар Новік — старшыня суда Жабінскага раёна.

У санкцыйныя спісы дадзеныя асобы, адказныя за катаванні ў месцах абмежавання волі і бесчалавечнае стаўленне да незаконна затрыманых. Гэта:

Вадзім Мурашка — начальнік папраўчай калоніі №13 у Глыбокім;

Сяргей Бярэйшык — супрацоўнік СІЗА №1;

Мікалай Мушкароў — супрацоўнік СІЗА №1;

Сяргей Петраковіч — начальнік папраўчай калоніі №9 у Горках

Віктар Лутцаў — начальнік медыцынскай часткі турмы №1 Гродна.

Прапановы па суддзях і супрацоўніках калоній, якіх дадаць у санкцыйныя спісы ЕС, з доказамі і падрабязным абгрунтаваннем каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення перадавала ў Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў 11 кастрычніка 2024 года. Пасля юрыдычнай экспертызы санкцыі ўзгадніла Рада ЕС.

Nashaniva.com