Былога 70-гадовага палітвязня Аляксандра Патапава трэці раз будуць судзіць «за распаўсюд экстрэмізму»

Справу 70-гадовага жыхара вёскі Хатоля Віцебскага раёна 19 снежня ў судзе Віцебскага раёна зноў будзе разбіраць суддзя Таццяна Лабацкая.

16.12.2024 / 11:57

Мінулы раз яна судзіла яго тыдзень таму, 12 снежня. Пазамінулы суд над вяскоўцам адбыўся 31 кастрычніка, піша Вясна.

Аляксандр Патапаў быў затрыманы напрыканцы жніўня 2022 года ў межах крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі ў каментарах у «Аднакласніках».

Мужчына паходзіць з Украіны. Падчас ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сур'ёзна параненая. Пасля гэтага, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 года Патапаў размясціў у сацыяльнай сетцы два каментары, якія экспертыза палічыла «абразлівымі». Пазней мужчыну асудзілі да 2 гадоў калоніі.

Пенсіянер вызваліўся гэтай вясной, цалкам адбыўшы тэрмін.

Nashaniva.com