У Мінску жыве «сабака-швабра»
Венгерскую аўчарку пулі па імені Амур мінакі жартам называюць то «швабрай», то «шнурком», то «мачалкай». А для сям'і ён стаў не проста любімым гадаванцам і спраўджанай марай, але і зоркай раёна і чэмпіёнам Еўропы ў сабачых спаборніцтвах, піша Onliner.by.
16.12.2024 / 08:45
Аднойчы сямейная пара глядзела Animal Planet і выпадкова ўбачыла пароду пулі. Кацярына хутка супаставіла ўсе факты: ледзь вышэй калена, не ліняе. І заявіла: «хачу такую».
Па шчанюка прыйшлося ехаць у Маскву, проста на Рублёўку.
— Амур з'явіўся ў нашым жыцці ў цяжкі для сям'і момант, — працягвае Кацярына. — Мы былі ў прыгнечаным стане, і раптам званок: «шчанюкі нарадзіліся, хутка можна будзе забіраць». Я лічу, гэта лёс. Мы якраз мроілі аб беласнежным хлопчыку, і ўсё супала — мара спраўдзілася.
Насамрэч, пара выбірала сабаку не толькі з-за незвычайнай знешнасці — важную ролю сыграў і добры характар пароды. У пулі яркі брэх і гарэзны нораў: «ён аказаўся такі дураслівы-дураслівы!» Плюс да ўсяго гэта пастуховая парода: сабака кальцуе на шпацырах, ахоўвае сям'ю.
З часам Амур стаў для сям'і другім дзіцем. Дзеля яго Кацярыне і Уладзіміру прыйшлося купіць лецішча і па паўгода жыць за горадам. А яшчэ яны любяць браць сабаку ва ўсе падарожжы: сабака выдатна сябе паводзіць і з задавальненнем падтрымлівае ўсе авантуры гаспадароў.
Выбар шчанюка стаў справай выпадку. Сярод трох прапанаваных заводчыкамі Кацярына абрала Амура, бо ён… лізнуў яе ў нос.
— Падумала: ну, раз ты мяне аблізваеш, значыць, паедзеш з намі!
Цану на такога шчанюка гаспадары агучваюць неахвотна: у сярэднім пулі сёння каштуюць $1-1,5 тыс.
Наогул, першыя месяцы жыцця з Амурам сталі для сям'і суцэльным адкрыццём.
— Ён вельмі гучна брахаў, і гэта было сюрпрызам, — распавядае Уладзімір. — Калі бачыў нешта незвычайнае, напрыклад шланг, аблайваў яго да пераможнага. Я падазраю, што сабака прымаў яго за змяю.
У снегавікоў таксама не заставалася шанцаў — іх Амур разносіў у секунду. А яшчэ ў яго звычка валяцца ва ўсім запар: у лістоце, ранішняй расе, снезе.
Сябруе Амур толькі з хатнім брытанскім катом Мэўрыкам. Той з'явіўся ў сям'і праз год пасля сабакі-«швабры». Яшчэ сярод гадаванцаў сям'і — балонкі Пончык і Зефірка, якіх пара перахапіла ў валанцёраў гады тры таму. Сабакі былі худыя і галодныя, у жахлівым стане, але Амур прыняў іх як родных, адразу аблізаў. Так і павялося: незвычайны квартэт жыве дружна і ператварае кожны дзень гаспадароў у нясумную прыгоду.
Дарэчы, у дзяцінстве Амур быў зусім не падобны на дарослага сабаку-«швабру».
— Ён выглядаў як нашы балонкі цяпер, толькі ў павялічаным памеры, — успамінае Кацярына. — Поўсць у шчанюкоў пулі праходзіць пераходны перыяд: спачатку змінаецца ў вузлы, потым нагадвае вату, а ўжо пазней фарміруецца ў шчыльныя дрэды. Усё гэта адбываецца прыкладна на дзевятым месяцы жыцця і доўжыцца да паўтара года. У пераходны перыяд наш сабака выглядаў як паўпух-паўдрэд, быццам яго наогул ніколі не часалі.
Зараз Амур важыць каля 18 кілаграмаў, з іх 3 — гэта дрэды. Мыць іх трэба ўручную і абавязкова ўдваіх.
Працэдура складаецца з трох этапаў. Спачатку — суперачышчальны шампунь, затым шампунь для белых сабак, а ў фінале кандыцыянер. Пасля гэтага Амура сушаць кампрэсарамі, якія выцягваюць з поўсці ваду. Калі гэтага не зрабіць, сабака можа сохнуць да трох дзён. Мыць Амура трэба мінімум раз у тры месяцы.
— Спачатку мы спрабавалі даверыць гэта салону, але дзяўчынкі з грумінгу адмовіліся. Затое здаюць нам салон у арэнду, каб мы маглі самі памыць сабаку, — распавядаюць гаспадары.
У цэлым, за выключэннем дрэдаў, догляд Амура аказаўся дзіўна простым.
— Поўсці няма, чухаць не трэба. А яго дрэды — гэта адначасова і тэрмас, і абарона ад сонца. Ён можа гадзінамі ляжаць на халодным балконе, і яму не холадна. А калі ідзе дождж, кроплі сцякаюць па баках, а цела застаецца сухім.