Разбуральны цыклон ударыў па французскім архіпелагу Маёта: імаверна, загінулі сотні людзей

Як мяркуецца, удар «Шыдо» прывёў да разбурэння цэлых населеных пунктаў. Хуткасць ветру дасягала 225 км у гадзіну.

16.12.2024 / 07:59

Etat Major des Armées via AP

На архіпелагу Маёта ў Індыйскім акіяне (гэтая тэрыторыя належыць Францыі і размешчана каля Каморскіх выспаў паміж Мазамбікам і Мадагаскарам) працягваецца выратавальная аперацыя пасля ўдару цыклона «Шыдо», які выклікаў маштабныя разбурэнні, піша Бі-бі-сі.

Кіраўнік мясцовай адміністрацыі Франсуа-Ксаўе Б'евіль заявіў мясцовым СМІ, што колькасць загінулых можа значна вырасці, калі ўладам удасца ацаніць маштаб разбурэнняў.

Ён папярэдзіў, што ў выніку ўдару стыхіі «вызначана загінулі некалькі сотняў» чалавек, аднак іх можа быць і некалькі тысяч.

Зараз супрацоўнікі выратавальных службаў па-ранейшаму спрабуюць дабрацца да некаторых пацярпелых рэгіёнаў.

Як мяркуецца, удар «Шыдо» прывёў да разбурэння цэлых населеных пунктаў. Хуткасць ветру дасягала 225 км у гадзіну.

На Маёце жыве нямала мігрантаў без неабходных дакументаў, якія прыбылі на французскую тэрыторыю ў пошуках прытулку. Мяркуецца, што менавіта гэтыя людзі пацярпелі больш за ўсё: многія з іх жывуць ва збудаваных з падручных сродкаў хованках.

Насельніцтва групы астравоў Маёта складае 320 тыс. чалавек, многія мясцовыя жыхары кажуць пра недахоп харчавання, пітной вады і даху над галавой.

Бі-бі-сі

Адзін з жыхароў адміністрацыйнага цэнтра тэрыторыі, горада Мамудзу, распавёў, што стаіць у чарзе па дапамогу. «У нас няма вады ўжо тры дні, так што мы ўжо не вытрымліваем. Спрабуем атрымаць хоць бы трохі, каб можна было жыць, бо мы не ведаем, калі зноў дадуць ваду», — кажа гэты чалавек.

Яшчэ адзін жыхар Мамудзу сказаў агенцтву Reuters: «Адчуванне такое, што перажыў ядзерную вайну. На маіх вачах знік цэлы раён»»

Маёта практычна цалкам залежыць ад фінансавай дапамогі Францыі, каля 75% насельніцтва гэтай тэрыторыі жыве за рысай беднасці, кожны трэці з'яўляецца беспрацоўным.

Nashaniva.com