Кім аказаўся той беларус, што ў адных трусах напаў на паліцэйскіх на Пхукеце і раскідаў іх

Днямі па сацсетках разляцелася відэа, як мужчына на адпачынку ў Тайландзе раскідваў паліцэйскіх і гасцінічную ахову па двары гатэля, а яго жонка і трое дзяцей спрабавалі яго супакоіць.

15.12.2024 / 17:41

Скрыншот відэа з сацсетак

Мужчына, меркавана, быў у стане алкагольнага ап'янення. Дэбош ён зладзіў у гасцініцы на тайландскім турыстычным востраве Пхукет. Ён напаў на паліцэйскіх, якія прыбылі па выкліку. Дэбашыра затрымалі і даставілі ў паліцэйскі ўчастак. Беларус адпачываў на Пхукеце разам з жонкай і трыма непаўналетнімі дзецьмі. Тыя ўжо вярнуліся ў Беларусь, а мужчыну, якога паліцыя пакінула за кратамі, у найбліжэйшы час чакае суд.

Дэбашырам аказаўся 39-гадовы беларус. Як высветліла выданне BGmedia, гэта, імаверна, берасцеец Сяргей Асійчук.

Раней ён быў трэнерам і капітанам аматарскай футбольнай каманды «Еўраэкспарт» з Кобрынскага раёна. Сам мужчына прафесійна футболам не займаўся, ён майстар спорту па армрэстлінгу і кандыдат у майстры па паўэрліфцінгу.

Фота: football.by

Асійчук таксама гулец аматарскай каманды «Фармат», па сутнасці яе ўладальнік і спонсар.

Мужчына, меркавана, кіруе кампаніяй «Еўраэкспарт». Кампанія займаецца экспартам і імпартам збожжавых і алейных культур і прадуктаў іх перапрацоўкі, а таксама перавозкамі, лагістыкай.

Nashaniva.com