Палітвязня Акіхіру Гаеўскага-Ханаду перавялі на турэмны рэжым

Анархіст за кратамі амаль чатыры гады.

15.12.2024 / 16:40

Палітвязня Акіхіру Гаеўскага-Ханаду перавялі на турэмны рэжым. Пра гэта паведамляе супольнасць анархістаў.

Па інфармацыі «Вясны», рашэнне па замене рэжыму разглядаў 18 ліпеня суд Шклоўскага раёна. Рашэнне прымаў суддзя Аляксандр Тараканаў. Цяпер палітвязня ўтрымліваюць у магілёўскай турме № 4. Напачатку чэрвеня стала вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі адправіла Акіхіру на 4 месяцы ў ПКТ. 

Актывіст анархісцкага руху ўтрымліваецца за кратамі ўжо амаль 4 гады. У Мінгарсудзе 6 верасня 2022 года яму прысудзілі 16 гадоў калоніі. 

28 лютага 2023 года у Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова скараціла тэрмін палітвязня на тры месяцы. Такім чынам, канчатковы тэрмін зняволення Акіхіра — 15 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Nashaniva.com