Ярмошына: Прэтэндэнты ў 2020 — вырадкі. А я ўратавала краіну ад грамадзянскай вайны
Былая старшыня Цэнтрвыбаркама расказала, як яна ўспрымала падзеі 2020 года. Яна выступала ў Пінску ў рамках агітацыйнага тура прапагандыстаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і не абмяжоўвала сябе ў выразах.
15.12.2024 / 14:40
Лідзія Ярмошына ў 2014 годзе
«Калі ў маі 2020 года былі абвешчаныя выбары, пачалося абвастрэнне. Да нас стала прыходзіць група спадара [Міколы] Статкевіча, такога палітыка крайне агрэсіўнага. Было пададзена паўсотні заяў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты — то-бок па зборы подпісаў. Мы выдатна бачылі, што тая колькасць вырадкаў, якая падавалася, гэта самы элементарны сабатаж, спрабуюць заваліць ЦВК, каб яна заваліла сваю працу».
«У групу Статкевіча ўваходзілі людзі, якія былі кантактамі першага ўзроўню. Яны не мелі права ўвогуле выходзіць у грамадскія месцы. І вось яны прыходзілі — асабліва адна такая фельчарка з Гомеля з хуткай дапамогі. Яе адхілілі ад працы як кантакт першага ўзроўню, а яна прыязджала [да нас], і было такое ўражанне, што яна спрабуе нас усіх заразіць нейкім чынам, гэты вірус перадаць. Дарэчы, яна даўно збегла ў Польшчу. Не ведаю, недзе там прабіркі мые. Кінула сям’ю, трох дзяцей. Былі такія адыёзныя агрэсіўныя цёткі».
«Мне было няцяжка працаваць, я атрымлівала задавальненне. Так, 2020 год мяне надламіў. Шмат у чым ён падарваў упэўненасць у сабе. Задаволеная я толькі тым, што, магчыма, уратавала краіну ад грамадзянскай вайны. Прынамсі, я гэтаму спрыяла».
Лідзія Ярмошына нарадзілася 29 студзеня 1953 у Слуцку. Скончыла юрыдычны факультэт Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1975). У 1975-1987 працавала юрыскансультантам у Калінінградзе і Бабруйску. У 1987-1988 — памочнік пракурора Кастрычніцкага раёна Калінінграда. У 1988-1996 — кіраўнік юрыдычнай службы Бабруйскага гаркавыканкама. У 1992-1996 — сябра ЦВК, у 1996-2021 — старшыня ЦВК. Разведзеная. Сын памёр у 2017 годзе.
Гісторыя ўзлёту бабруйскай юрысткі Лідзіі Ярмошынай
Надзея Ермакова ездзіць на аўтобусе: У спіну не плююць, але аднойчы з Ярмошынай пераблыталі
Лідзія Ярмошына пра свае страхі ў 2020: З парламента прабіралася чорнымі хадамі