У Швецыі абмяркоўваюць змены міграцыйнага заканадаўства адносна беларусаў
У шведскім парламенце 13 снежня, адбыліся дэбаты адносна магчымасці надання прытулку беларускім уцекачам. У дыскусіі сярод іншых узялі ўдзел міністр па міграцыі Юхан Фашэль і дэпутатка ад апазіцыі Карына Эдэрбрынк, паведамляюць Народныя амбасады Беларусі.
14.12.2024 / 23:00
У ходзе дэбатаў Карына Эдэрбрынк адзначыла, што сітуацыя, у якой беларускім уцекачам, якія рызыкуюць быць жорстка рэпрэсаванымі на радзіме, адмаўляюць у прытулку, з’яўляецца недапушчальнай.
Міністр па міграцыі Юхан Фашэль падкрэсліў, што Міграцыйнае агенцтва цяпер праводзіць перагляд сваёй працы з беларускімі заяўнікамі, і яго справаздача чакаецца ў бліжэйшы час.
Прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Зміцер Васэрман пракаментаваў сітуацыю наступным чынам:
«Я вельмі ўдзячны дэпутатцы Карыне Эдэрбрынк за тое, што яна ўзняла пытанне пра недасканалую апрацоўку спраў беларускіх уцекачоў.
Мы не сумняваемся, што міністр Юхан Фашэль, урад і ўсе палітычныя партыі падзяляюць жаданне забяспечыць дасканалы прававы разгляд гэтых спраў. Але, на жаль, на практыцы гэта не рэалізавана — не з-за злой волі, а з-за працяглай няздольнасці зразумець драматычныя змены, якія адбыліся ў Беларусі з 2020 года.
Краіна ператварылася ў беспрэцэдэнтную лічбавую тыранію, дзе з дапамогай штучнага інтэлекту таталітарная дзяржава спрабуе кантраляваць усе актыўнасці грамадзян. Гэта ўключае тое, што яны робяць, пішуць у сацыяльных сетках, чытаюць, выказваюць у прыватных паведамленнях і нават тое, што яны думаюць.
Мы чакаем, што справаздача Міграцыйнага агенцтва дапаможа ліквідаваць гэтыя недахопы».
У Бруселі праходзяць Дні Беларусі
Адбыўся першы выпадак выдачы пашпарта іншаземца беларусу ў Швецыі
«Двойчы атрымлівала па «шапцы», калі працавала да 8-9 вечара». Пра што марыць беларуска ў Швецыі
Двухгадовая беларуска ў Швецыі перакуліла на сябе кіпень. Маці дзяўчынкі ратуе яе ножку ў Польшчы