У Мінску адкрылася цікавая выстава традыцыйнага ткацтва і вышыўкі з Браншчыны

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук арганізаваў у Мінску цікавую выставу «Злучаючы берагі». Яна грунтуецца на зборах Аляксея Беласа — краязнаўцы, этнографа і энтузіяста-захавальніка фальклорнай спадчыны з Браншчыны. Гэты расійскі рэгіён памежны з нашай Гомельшчынай і Магілёўшчынай, а мясцовыя традыцыі ткацтва маюць выразныя супольныя рысы.

14.12.2024 / 20:49

Тут і далей фота з сацсетак

Аляксей Белас родам з расійска-беларускага памежжа, з Навазыбкава на Браншчыне. Ён прызнаецца, што яшчэ ў маленстве яго захапілі і натхнілі бабуліны ручнікі, посцілкі, народныя строі — некаторыя паходзілі нават з XIX стагоддзя.

Тады ж ён пачаў цікавіцца расповедамі майстроў і майстрых з іншых вёсак і суседніх раёнаў. Таму цяпер, маючы прафесію краўца і добра разбіраючыся ў тэкстылі, ведае назвы ўсіх тэхнік вышыўкі, ткацтва, пляцення, мадэлявання і г. д. «па навуковаму» і «як у вёсцы бабулі кажуць».

Ведае, як змяняліся дэталі, колеры, узоры ў часе, ад стагоддзя да кожнага дзесяцігоддзя, і ў прасторы, ад раёна да раёна, ад вёскі да вёскі, і якія ўплывы — прамысловыя, гандлёвыя, гістарычныя або этнічныя — наклалі свой адбітак на кожную рэч.

За 20 гадоў у прыватнай калекцыі Аляксея Беласа сабралася больш за 1200 ўнікальных народных твораў матэрыяльнай культурнай спадчыны памежных з Беларуссю раёнаў. Каля 200 з іх ён прывёз на выставу ў Мінск.

Выстава «Злучаючы берагі» адкрылася ў пятніцу, 13 снежня, і будзе працаваць да 24 студзеня. Месца правядзення — галерэя «Другі паверх» на вуліцы Сурганава, д. 1, корп. 1.

Выстава адкрытая для наведвання з 9.00 да 18.00, апрача выхадных і святочных дзён. Уваход вольны.

Беларуска адраджае ткацтва і прадае народныя строі па $1000

Бурносы, галіфэ, «мыльныя ўзоры»… У чым хадзілі нашы дзяды і прадзеды

«Не перастаю дзівіцца, колькі ў жыцці дзіўных супадзенняў». Выкладчыца нямецкай мовы знайшла сябе ў вырабе карцін з лямцу

Слуцкія паясы ткалі негрыцянкі — архіўнае адкрыццё

Nashaniva.com