Расія пачала вывад войскаў з Сірыі

Мяркуючы па спадарожнікавых здымках, Расія звозіць ваенную тэхніку да авіябазы Хмеймім, дзе яе разбіраюць на часткі і змяшчаюць у грузавыя самалёты, піша Deutsche Welle.

14.12.2024 / 12:58

Фота: news.ru

Расія на фоне падзення рэжыму Башара Асада ў Сірыі, мяркуючы па ўсім, прыступіла да вываду сваіх войскаў з гэтай краіны. Адзін з расійскіх грузавых самалётаў вылецеў з авіябазы Хмеймім у Латакіі ў Лівію, паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на сірыйскага чыноўніка са сферы бяспекі. Паводле яго слоў, у найбліжэйшы час авіябазу Хмеймім пакінуць яшчэ некалькі расійскіх самалётаў.

Напярэдадні вечарам анлайн-выданне «Важныя гісторыі», прааналізаваўшы спадарожнікавыя фотаздымкі расійскіх вайсковых баз ад Maxar Technologies і Planet Labs, выклала аналагічныя высновы. Мяркуючы па адным з гэтых фота, на авіябазу Хмеймім прыбылі два грузавыя самалёты Ан-124, тры транспартныя самалёты Іл-76, а таксама грузавыя самалёты больш дробных мадэляў — тры Ан-32 і адзін Ан-72. На здымках таксама відаць, што расійскія вайскоўцы разбіраюць на частцы ўдарны верталёт Ка-52 і, верагодна, рыхтуюць яго да пагрузкі.

Назіральнікі апазналі на фатаграфіі таксама часткі зенітна-ракетнага комплексу С-400. Між тым расійскі вайсковы блогер Кірыл Фёдараў выклаў у Telegram відэа, на якім, як сцвярджаецца, калона вайсковай тэхнікі Расгвардыі на ўзбярэжжы Латакіі. «Важныя гісторыі» ўдакладняюць, што гэтая і іншыя ваенныя калоны рухаюцца ў напрамку авіябазы Хмеймім.

«Таксама Maxar Technologies апублікавалі фатаграфіі расійскіх караблёў, якія плывуць па Міжземным моры ад берагоў Сірыі», — нагадваюць журналісты.

Nashaniva.com