У Грузіі праходзяць выбары прэзідэнта. Апазіцыя іх байкатуе
Сотні людзей выйшлі пратэставаць, нягледзячы на холад і снег, піша Радыё Свабода.
14.12.2024 / 10:21
Фота: Радыё Свабода
Выбары праходзяць у будынку парламента ў Тбілісі. Іх праводзяць па новай сістэме — не агульнанацыянальным галасаваннем, а праз калегію выбаршчыкаў, большасць у якой належыць кіроўнай «Грузінскай мары».
У калегію ўваходзяць 300 членаў: усе 150 дэпутатаў парламента, дэпутаты Вярхоўных Саветаў Аджарыі і Абхазіі — 21 і 20 адпаведна, і 109 дэлегатаў ад муніцыпальных саветаў. Галасаванне завершыцца а 14:00 па мясцовым часе.
У «Грузінскай мары» 211 выбаршчыкаў, або 70,3%. Гэтага дастаткова як для правядзення галасавання, так і для абрання прэзідэнта.
Чатыры апазіцыйныя партыі, якія прайшлі па выніках выбараў у парламент, але адмовіліся ад мандатаў, байкатуюць пасяджэнне выбашчыкаў. Яны заявілі, што не прызнаюць прэзідэнта, за якога прагаласуе калегія.
Кандыдат на выбарах адзін. «Грузінская мара» вылучыла на гэтую пасаду былога футбаліста Міхаіла Кавелашвілі.
Будучы дэпутатам парламента трох скліканняў, ён неаднаразова выступаў з антызаходняй рыторыкай. У прыватнасці, Кавелашвілі казаў, што ў ЗША і Еўрасаюзе дзейнічае нейкая «глабальная партыя вайны», якая спрабуе адкрыць у Грузіі Другі фронт і ўцягнуць краіну ў новую вайну з Расіяй. Цяпер Кавелашвілі 53 гады, звестак пра яго адукацыю няма.
На пасаду прэзідэнта краіны ўпершыню вылучыўся кандыдат без вышэйшай адукацыі.
Перад будынкам парламента праходзіць акцыя пратэсту «Пакажы дыплом!», на праезнай частцы гуляюць у футбол.
Пакуль людзей сабралася няшмат, пра сутыкненні з паліцыяй не паведамлялася. Паліцыя і вадамёты стаяць на плошчы Свабоды. У сталіцы Грузіі мінусавая тэмпература, прайшоў першы снег.
Інаўгурацыя новага прэзідэнта павінна адбыцца 29 снежня — тэрмінам на пяць гадоў. Цяперашняя кіраўніца Грузіі Саламэ Зурабішвілі, чые паўнамоцтвы мінаюць 16 снежня, назвала выбары нелегітымнымі і адмовілася пакідаць пасаду. Сёння, 14 снежня, яна таксама выйшла на пратэст у Тбілісі.
Зурабішвілі адмовілася пакідаць прэзідэнцкую рэзідэнцыю пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў
Каля прэзідэнтуры Саломе Зурабішвілі ў Тбілісі паставілі дэкаратыўны цягнік ФОТАФАКТ