Пад Арлом з-за атакі дронаў загарэлася нафтабаза
У Арлоўскай вобласці праз атаку ўкраінскіх дронаў загарэлася нафтабаза. Пра гэта паведамілі мясцовыя жыхары і губернатар рэгіёна Андрэй Клычкоў.
14.12.2024 / 08:04
«У выніку масіраванай атакі беспілотнікаў адбылося ўзгаранне паліва на аб'екце інфраструктуры, аскепкамі збітых беспілотнікаў пашкоджана шкленне некалькіх прыватных дамоў», — напісаў Клычкоў.
Паводле яго звестак, ноччу над Арлоўскай вобласцю знішчылі 11 дронаў. Да раніцы пажар «на пашкоджаным аб'екце паліўнай інфраструктуры» лакалізавалі. Ахвяр і пацярпелых няма. Момант атакі знялі на відэа відавочцы.
Ноччу ўкраінскія беспілотнікі таксама атакавалі некалькі муніцыпалітэтаў Краснадарскага краю, паведаміў губернатар рэгіёну Веніямін Кандрацьеў.
«У станіцы Мар'янскай абломкі аднаго з БПЛА ўпалі на прыватны дом, часткова пашкоджаныя гаспадарчыя пабудовы, выбітыя вокны», — напісаў Кандрацьеў. Пацярпелых, паводле яго, няма.
Мінабароны Расіі пра начныя атакі пакуль не паведамляла.