Санкцыі для суддзяў, 30 мільёнаў еўра дапамогі, непрызнанне выбараў-2025 — расказваем пра вынікі Дзён Беларусі ў Брусэлі
Папрасілі падзяліцца ўражаннямі кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку, кіраўніка Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валера Кавалеўскага і аналітыка Арцёма Шрайбмана.
13.12.2024 / 13:20
На мерапрыемстве ў Брусэлі сабралася больш за 100 прадстаўнікоў дэмакратычных беларускіх інстытутаў і ініцыятыў. З боку еўрачыноўнікаў на канферэнцыі высокага ўзроўню па Беларусі ў Еўрапейскім парламенце ў той жа момант выступілі, напрыклад, прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Раберта Метсола, еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Марта Кос. На думку суразмоўцаў, сам гэты факт дэманструе, што ў Беларусі ёсць вельмі моцныя саюзнікі і што інтарэс да нашай краіны захоўваецца.
«Гэта ўсё сведчанне таго, што Еўрасаюз застаецца стратэгічным партнёрам дэмакратычных сілаў і падтрымлівае барацьбу і памкненні беларусаў за будучыню без Лукашэнкі», — пракаментаваў Павел Латушка.
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
«Прыйшоў час для больш гнуткай дыпламатыі»
Адной з самых адчувальных тэм для Беларусі застаецца вызваленне палітвязняў. Як распавёў Арцём Шрайбман, у межах адной панэлі Таццяна Хоміч і Павел Латушка выступілі з супрацьлеглымі тэзісамі.
«Калі Павел Латушка кажа пра неабходнасць яшчэ больш ціснуць на Лукашэнку, то Таццяна — што трэба некаторыя санкцыі змякчаць, абменьваючы на палітвязняў».
Чытайце: Сястра Калеснікавай прапанавала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў
Валер Кавалеўскі адзначыў, што на канферэнцыі гаварылася ў тым ліку пра тое, што прыйшоў час для больш актыўнай, гнуткай і прагматычнай дыпламатыі:
«На сёння ў нас накоплены значны арсенал санкцый, якімі можна карыстацца для таго, каб вызваляць людзей. І гэта наша маральная адказнасць — выратоўваць з турмаў людзей, бо там яны губляюць сваё здароўе і жыцці. І тут паўстае пытанне: ці могуць палітычныя структуры сабе дазволіць адмаўляцца нават ад размовы пра гэта? Бо іх стратэгія застаецца ў фармаце «ціск-ціск-ціск», але гэта пакуль не прыводзіць да пажаданых вынікаў. І ў гэтай сітуацыі трэба ацаніць, што спрацавала, а што не.
Калі абраная чатыры гады таму стратэгія не прынесла пажаданых вынікаў — рэжым не змяніў свае паводзіны, — то, можа, варта яе перагледзець? Ці калі мы не мяняем стратэгію, можа, варта тады перастаць казаць, што вызваленне палітзняволеных — наш прыярытэт?»
Валер Кавалеўскі на канферэнцыі «Падтрымка беларускага народа». Фота: @euroatlanticagency
Кавалеўскі адзначае, што сёння дэмсілы чамусьці разглядаюць Беларусь і Лукашэнку як выключэнне з агульных правілаў, па якіх гуляе астатні свет.
«Але мы бачым на прыкладзе многіх іншых крызісных сітуацый, што ўсё ж з дыктатарскімі рэжымамі размаўляюць і знаходзяць нейкія кампрамісы. Не таму, што хочуць легімітызаваць іх, і не таму, што прыемна гэта рабіць, а таму што ёсць задача вызвалення людзей».
«У бліжэйшы час плануецца прыняць чарговы санкцыйны пакет»
Што тычыцца санкцый, то было агучана, што санкцыйны ціск у адносінах да рэжыму Лукашэнкі будзе працягнуты.
«У бліжэйшы час плануецца прыняць чарговы санкцыйны пакет. Ён будзе тычыцца ў тым ліку пярэваратняў у мантыях — так званых суддзяў рэжыму Лукашэнкі, а таксама тых, хто адказвае за масавыя рэпрэсіі ў Беларусі, — распавёў «Нашай Ніве» Павел Латушка. — Лукашэнка ведае, што трэба зрабіць, каб санкцыя былі знятыя: спыніць рэпрэсіі і гібрыдную вайну супраць суседзяў, вызваліць палітзняволеных».
Павел Латушка. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Мабільнасць беларусаў у Еўропе і легалізацыя за мяжой
Амаль усе ўдзельнікі канферэнцыі ў Брусэлі з боку Беларусі адзначалі, што трэба вырашаць праблему з мабільнасцю беларусаў — спрашчаць атрыманне віз.
«Калі ласка, перагледзьце рашэнні, якія абмежавалі магчымасці беларусаў падарожнічаць і атрымліваць адукацыю», — выступіў з заклікам да Еўрапейскага парламента і прадстаўнікоў дзяржаў-сяброў Еўрасаюза Валер Кавалеўскі.
Але, па словах суразмоўцаў, рэакцыя з боку еўрапейцаў на гэтую тэму была сцішанай.
«Збольшага не Еўрасаюз тут вырашае, гэта адказнасць краін-суседак Беларусі. А яны ў гэтых пытаннях кіруюцца сваімі інтарэсамі бяспекі — так, як яны іх разумеюць. Але важна, што гэта тэма многімі была ўключаная ў парадак дня і да еўрачыноўнікаў было данесена, што без вырашэння візавых пытанняў і праблемы з памежнымі пераходамі шмат якія высілкі проста не будуць мець плёну. Проста таму што Еўропа ад беларусаў зачыняецца», — адзначае Арцём Шрайбман.
Арцём Шрайбман. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Пры гэтым Павел Латушка падкрэсліў, што як і тэма мабільнасці беларусаў, так і тэма легалізацыі эмігрантаў працягваюць заставацца прыярытэтнымі для Аб'яднанага пераходнага кабінета.
«Але мы павінны разумець, што гэта даволі складаныя тэмы, якія часта патрабуюць зменаў заканадаўства. Еўрапейская служба знешніх дзеянняў гатовая прымаць ад нас інфармацыю аб сістэмных праблемах, якія існуюць у легалізацыі беларусаў і вырашаць іх. Што тычыцца візавай сітуацыі, тут сапраўды вельмі часта складанасці звязаныя з пытаннямі нацыянальнай бяспекі. Рэжым Лукашэнкі падтрымаў агрэсію супраць Украіны, ён ладзіць акцыі сабатажу, дыверсіі на тэрыторыі ЕС, ажыццяўляе гібрыдную вайну, закідваючы нелегальных мігрантаў на тэрыторыю ЕС — усё гэта ў выніку прыводзіць да таго, што ўсе звароты па атрыманні віз разглядаюцца яшчэ больш уважліва».
Выбары і прызнанне Лукашэнкі на міжнароднай арэне
Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца ўжо ў наступным месяцы — 26 студзеня 2025 года. Ад іх ніхто асабліва не чакае сюрпрызаў, у тым ліку ў Еўрасаюзе.
«Ніхто не разлічвае, што гэтыя выбары будуць свабоднымі і дэмакратычнымі, — каментуе Валер Кавалеўскі. — І канечне, самому Лукашэнку нельга спадзявацца на тое, што для яго здарыцца нейкае міжнароднае прызнанне.
Што тычыцца яго легітымнасці, тут асобнае пытанне: яна даецца прэзідэнту народам на свабодных выбарах, як гэта і прапісана ў Канстытуцыі. На гэта Лукашэнку таксама разлічваць не прыходзіцца. І нават калі ў той ці іншай форме здарыцца міжнароднае прызнанне, гэта ўсё роўна не дадасць Лукашэнку легітымнасці».
«З боку еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, з боку камісараў мы пачулі, што сённяшнія падзеі, якія Лукашэнка называе выбарамі ў Беларусі, не адпавядаюць міжнародна прынятым выбарчым стандартам. Мы разлічваем, што фарс, які зладзіў Лукашэнка ў Беларусі, не будзе прызнаны за выбары. Гэта ясна гучала з вуснаў кіраўніцтва парламента і парламентарыяў, а таксама з боку прадстаўнікоў еўрапейскай камісіі», — дадае Павел Латушка.
Сігналаў, якія дасылае Лукашэнка, недастаткова для размарозкі адносін з Захадам — упэўнены Арцём Шрайбман:
«Гэтыя сігналы і блізка не падышлі да таго ўзроўню, каб еўрабюракратыя пачала варушыцца ў гэтым кірунку. Пакуль Лукашэнка напрацоўвае толькі на твіты прадстаўнікоў Еўрасаюза.
Сігналы з Мінска, калі там ёсць зацікаўленасць у размарозцы адносін з Захадам (з ЕС, прынамсі) павінны быць нашмат больш кансістэнтнымі. Тое, што адбываецца цяпер, дакладна праходзіць ніжэй за радары».
«Нельга дапусціць, каб Беларусь стала дэсертам на абедзенным стале для Пуціна»
Пытанне таго, каб інтарэсы Беларусі ўлічваліся ў мірным працэсе ва Украіне, стабільна падымаецца дэмакратычнымі сіламі на міжнародных сустрэчах.
«На канферэнцыі я агучыў свой заклік да [старшыні камітэта па замежных справах, члена Еўрапарламента Дэвіда] Макалістара, каб яны разгледзелі прыняцце рэзалюцыі, дзе б адзначылі асаблівую ролю Беларусі ў гэтым мірным працэсе, нашы нацыянальныя інтарэсы, — распавёў Валер Кавалеўскі. —Канечне, Лукашэнка туды наўрад ці будзе запрошаны, і наўрад ці туды будуць запрошаныя дэмакратычныя сілы, бо ўсё ж гэта размова дзяржаў, а не грамадзянскай супольнасці. Але тым не менш беларускія эксперты могуць удзельнічаць у гэтым працэсе. Прынамсі ўжо ёсць спіс прыкладных нацыянальных інтарэсаў, якія павінныя быць адлюстраваныя ў падобных размовах».
Павел Латушка падкрэслівае, што падчас перамоваў па сітуацыі ва Украіне будзе вырашацца лёс і будучыня Еўропы.
«Для нас важна, каб Беларусь не засталася за мурам ад Еўропы. Еўрасаюз будзе прымаць удзел у гэтых перамовах, і ён для нас мог бы быць партнёрам, які мог бы прадставіць інтарэсы беларусаў. Галоўнае, нельга дапусціць, каб Беларусь стала дэсертам на абедзенным стале для Пуціна».
Польшча ўвяла «асаблівыя меры» для выдачы гуманітарных віз беларусам у Грузіі
Ціханоўская: Перапрызначэнне Лукашэнкі не мае ніякага ўплыву на маю далейшую працу
Прагноз Шрайбмана: пасля выбараў рэпрэсіі зменшацца