Джуд Лоў зняўся ў новым фільме — такім, што мурашы па скуры

Канадскія кіношнікі разам з легендарным Джудам Лоў выпусцілі фільм The Order пра спробу неанацыстаў зладзіць рэвалюцыю ў ЗША — атрымалася па-свойму захапляльна.

14.12.2024 / 08:00

Джуд Лоў (Тэры Хаск). Фота: кадр з трэйлера

Сваю назву стужка The Order («Ордэн») атрымала ад аднайменнай арганізацыі ў ЗША, якую яшчэ называлі The Silent Brotherhood («Маўклівае братэрства»). У 1983-1984 гадах члены арганізацыі ладзілі рабаванні і марылі ператварыць ЗША ў краіну белых.

Паводле фільма, іх злачынствы расследуе Тэры Хаск, бывалы агент ФБР, якога грае Джуд Лоў. Ён бачыць агульнае ў некалькіх рабаваннях, што адбыліся на паўночным захадзе ЗША, і прыходзіць да высновы: рэч не ў арганізаванай злачыннасці, а ў тым, што ў краіне ўзнікла радыкальная групоўка.

Паралельна мы бачым, як гэтая групоўка набірае моц. Яе кіраўнік, харызматычны юнак Боб Мэцьюз, сумяшчае напады і рабаванні з жыццём мужа і бацькі, як і яго паплечнікі. Атрымліваецца па-свойму страшна: у «Братэрстве» вучаць малое дзіця страляць, а дабрабыт сям’і падтрымліваюць скрадзенымі грашыма з кроплямі крыві на іх.

Сродкі, аднак, патрэбныя і на больш амбіцыйныя справы, бо ў Мэцьюза вялікія планы — ён марыць пра «белую» рэвалюцыю. Шлях да яе апісаны ў чырвонай кніжцы, што таксама з’яўляецца ў фільме: тое, што называюць дзіцячымі казкамі, насамрэч аказваецца ледзь не неанацысцкім маніфестам.

Калі вы з тых, хто шукае ад кіно яркіх эмоцый, The Order можа расчараваць. Пагоні і страляніна тут не асноўнае. У гэтай цягучай і доўгай (116 хвілін) гісторыі дзеянне разварочваецца павольна, але напружана. Збольшага мы сочым за Хаскам і яго карпатлівым расследаваннем.

Напружанасць падтрымлівае выдатны саўндтрэк і атмасфера, у якой адбываюцца падзеі стужкі. Гэта глухмень у гарах, дзе людзям жывецца складана, і, можа, таму іх гнеў трансфармуецца ў радыкалізм. Дэпрэсіўнасць — бадай, яшчэ адно пачуццё, якім насычаны фільм. Гэта і пра лёсы герояў — той жа Хаск не можа без алкаголю, і пра дэкарацыі, і нават пра няяркія колеры фільму, дзе выдзяляюцца хіба што фашысцкія сцягі.

Нікалас Холт (Боб Мэцьюз). Фота: кадр з трэйлера

Дэпрэсіўнасць ёсць і ў тым, што зло, з якім змагаліся Хаск і кампанія, усё-ткі не пераможанае да канца. У тытрах вам раскажуць, што «Дзённікі Цёрнера», тая самая чырвоная кніжка, дагэтуль натхняюць на злачынствы — напрыклад, іх выкарыстоўвалі падчас падрыхтоўкі нападу на амерыканскі Капітолій 6 студзеня 2021-га.

Напэўна, не будзе сюрпрызам, што ў стужцы сябе выдатна паказаў Джуд Лоў. Але фільм адкрывае яшчэ аднаго акцёра, брытанца Нікаласа Холта, які стварае вобраз Боба Мэцьюза. Ён добра паказаў шматслойнасць свайго персанажа: Мэцьюз — гэта і клапатлівы сем’янін, і харызматычны лідар, і ўпэўнены ў сабе фанатык, гатовы абвясціць вайну ўсяму свету. І пры гэтым ён не губляе простыя, амаль жывёльныя пачуцці, якія не суадносяцца з вобразам таго, хто выратуе краіну.

У выніку атрымаўся інтэлектуальны дэтэктыў з клапатліва дададзенай доляй экшну і напружанасці. Яе вам не хопіць, калі вы ходзіце ў кіно па папкорн. Але калі шануеце атмасферу — смела ідзіце на The Order.

У новым заходнім блакбастары з зоркай серыяла «Ход каралевы» знайшлося месца Беларусі

«Канклаў». Драма, якая тонка даследуе межы грэшнасці чалавека, але кансерватыўную публіку чакае шок

«Ерэтык»: у беларускім пракаце ідзе топавы хорар з высокадухоўнымі дыскусіямі

Nashaniva.com