Шведская пракуратура закрыла справу ў дачыненні да Мбапэ аб згвалтаванні

Шведская пракуратура спыніла расследаванне ў дачыненні да форварда «Рэала» і зборнай Францыі па справе аб згвалтаванні.

12.12.2024 / 12:45

Кіліян Мбапэ. Фота: AP Photo/Manu Fernandez

Справа закрытая з-за недахопу доказаў.

«Расследаванне па падазрэнні ў згвалтаванні і двух выпадках сэксуальнага гвалту ў гатэлі ў цэнтры Стакгольма 10 кастрычніка 2024 года закрытае», — гаворыцца ў прэс-рэлізе шведскай пракуратуры.

14 кастрычніка шведская паліцыя пачала расследаванне па факце скаргі аб згвалтаванні, як мяркуецца, у стакгольмскім гатэлі, дзе на той момант знаходзіўся футбаліст. Пацярпелая жанчына абвінавачвала ў здарэнні менавіта Мбапэ.

Шведскія выданні тады казалі, што Кіліяну прысвоены статус «абгрунтавана падазраваны» — самы нізкі ўзровень падазрэнняў.

Сам спартсмен назваў тыя навіны фэйкавымі і звязаў з'яўленне паведамлення з пачаткам судовых слуханняў у спрэчцы са сваім былым клубам — французскім «Пары-Сэн-Жэрмэн». 

Nashaniva.com