«Буду змагацца да канца». Прэзідэнт Паўднёвай Карэі адхіліў абвінавачванні ў мяцяжы

Юн Сок Ёль выступіў з новым тэлезваротам, у якім заявіў, што ўвядзенне ваеннага становішча на мінулым тыдні было правільным рашэннем, і адхіліў абвінавачванні ў мяцяжы, піша Бі-бі-сі.

12.12.2024 / 07:37

У доўгай прамове Юн выклаў свае меркаванні наконт прынятага рашэння і сказаў, што выкарыстаў прэзідэнцкія паўнамоцтвы, каб абвясціць ваеннае становішча «для абароны нацыі і нармалізацыі дзяржаўных спраў» супраць апазіцыі, якая паралізавала працу ўрада, назваўшы гэта «глыбока вывераным палітычным рашэннем».

Ён таксама адхіліў заклікі пайсці ў адстаўку і паабяцаў змагацца да канца, абвінаваціўшы апазіцыю ў тым, што яна «злоўжывае імпічментамі».

«Незалежна ад таго, ці будзе мне абвешчаны імпічмент ці я апынуся пад следствам, я буду сумленна супрацьстаяць гэтаму», — цытуе яго агенцтва Yonhap.

Перад прамовай прэзідэнта лідар кіроўнай партыі «Сіла народа» Хан Дон Хун выказаўся ў падтрымку імпічменту, хоць раней выступаў супраць яго.

Менавіта праз пазіцыю кіроўнай партыі парламент не змог абвясціць імпічмент Юну ў выходныя. Чарговае галасаванне адбудзецца ў суботу.

«Мы павінны спыніць далейшую блытаніну. Цяпер ёсць толькі адзін эфектыўны метад, — сказаў Хан Дон Хун на прэс-канферэнцыі. — Пры наступным галасаванні заканадаўцы ад нашай партыі павінны ўвайсці ў залу пасяджэнняў і прыняць у ім удзел, кіруючыся сваімі перакананнямі і сумленнем».

На пытанне, ці падтрымлівае ён імпічмент, Хан адказаў: «Так», дадаўшы, што іншага шляху няма.

Паўднёвакарэйскаму лідару забаронена пакідаць краіну, а расследаванне падзей мінулага тыдня, якое вядзе некалькі ведамстваў, імкліва набірае ход: у сераду паліцыя спрабавала правесці ператрус у прэзідэнцкім офісе, аднак ахова яе не пусціла.

У выніку, як паведамлялася, офіс прэзідэнта добраахвотна перадаў абмежаваны набор дакументаў.

Nashaniva.com