Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Як зрабіць гісторыю блізкай і цікавай? Ад дасціпных размоваў пра шляхецкі побыт да вострых дыскусій пра Вялікае Княства Літоўскае — у падкастах на ютубе знойдзецца ўсё, што трэба аматарам мінулага.

14.12.2024 / 07:00

Загляне сонца

Канал быў першапачаткова вядомы як «Кайлі Міндоўг», але пасля невялікага скандалу ў сацсетках змяніў сваю назву на «Загляне сонца», якая адсылае да першай легальнай беларускай выдавецкай суполкі. Тое, што яго запусціў у жніўні 2023 года вядомы ютуб-блогер Мікіта Мелказёраў, дало моцны буст гістарычнаму відэападкасту.

Мікіта Мелказёраў у гістарычным відэападкасце «Загляне сонца». Скрыншот відэа

Канал робіць стаўку на даволі тэндэнцыйную падачу матэрыялаў, перапакоўваючы ўжо добра вядомыя тэмы беларускай гісторыі для новых пакаленняў беларусаў і ўвогуле шырокіх мас. Спіс тэмаў складае класічны джэнтльменскі набор беларускага нацыяналіста: тэрытарыяльныя пытанні, расійская акупацыя, паўстанні і войны супраць Расіі, разрабаванне беларускай спадчыны, савецкія рэаліі і сталінскія рэпрэсіі, міфы пра вайну, тапаніміка і нацыянальная сімволіка. 

Рэзкія, небесстароннія заявы Мелказёрава не засталіся незаўважанымі і беларускімі ўладамі. У адным з апошніх выпускаў Мелказёраў назваў партыйнага дзеяча часоў СССР Панцеляймона Панамарэнку «кавалкам лайна». ГУБАЗіК за гэта пачаў пагражаць Мелказёраву «кватэрным пытаннем», а прапагандыст Кірыл Казакоў заклікаў расстраляць блогера.

Сёння на канале «Загляне сонца» больш за 12 тысяч падпісчыкаў. Новыя відэа выходзяць штотыдзень, збіраючы ад некалькі тысяч да некалькі дзясяткаў тысяч праглядаў. 

Гісторыя на Свабодзе

Сяргей Абламейка і літоўскі гісторык Альфрэдас Бумблаўскас у выпуску «Гісторыя на Свабодзе». Скрыншот відэа

Гістарычны праект беларускай службы «Радыё Свабода» існуе з лета 2022 года. Вядоўцам выступае журналіст і гісторык Сяргей Абламейка, які перыядычна сам сядае ў крэсла эксперта. 

У «Гісторыі на Свабодзе» падкупляе тое, што ў якасці экспертаў запрашаюцца сапраўды вядомыя гісторыкі, як беларускія, так і замежныя: Алег Латышонак, Наталля Сліж, Яўген Мірановіч, Аляксандр Груша, Павел Церашковіч, Уладзімір Лобач, Віктар Якубаў, расеец Андрэй Зубаў, паляк Мірослаў Янковяк, швед Пер Андэрса Рудлінг, літоўцы Альфрэдас Бумблаўскас, Русціс Камунтавічус, Альвідас Нікжантайціс і іншыя — спіс больш чым аўтарытэтны.

«Гісторыя на Свабодзе» ў першую чаргу акцэнтуецца на тэме пошуку і адстойванні беларускасці спадчыны Вялікага Княства Літоўскага. Вядоўца нярэдка падводзіць сваіх гасцей да адказу на пытанне «чыё ВКЛ?» Але гэтым не абмяжоўваецца, у залежнасці ад госця выпуску гаворка можа ісці пра этнічныя беларускія межы, гісторыю Беларусі пачатку XX стагоддзя, або пра нешта больш экзатычнае, як беларусы ў Афрыцы ў час вайны.

Сёння на канале больш за 3600 падпісчыкаў, большасць ролікаў набірае некалькі тысяч праглядаў, хоць некаторыя, на больш вострыя тэмы, збіраюць і дзясяткі тысяч.

БЕЛСАТ HISTORY

У канала «Белсат» яшчэ больш даўні відэапраект па гісторыі, у рамках якога выходзіла некалькі праграм.

Студыя Intermarium. Скрыншот відэа

У праграму Intermarium, якая праходзіць у выглядзе студыйнага шоу, запрашалі многіх вядомых спецыялістаў, якія дыскутавалі наконт розных гістарычных падзей ва Усходняй Еўропе і паралеляў з сучаснасцю.

Алесь Краўцэвіч у перадачы «Загадкі беларускай гісторыі» пра Магілёў. Скрыншот відэа

Больш за сотню выпускаў зведала перадача «Загадкі беларускай гісторыі», якую вёў гісторык і археолаг Алесь Краўцэвіч. Перадачу перасталі выпускаць у пачатку 2020 года, але якасныя выпускі не страцілі актуальнасці. У іх не толькі распавядалася пра агульнабеларускую гісторыю, але былі і цалкам краязнаўчыя выпускі, прысвечаныя нейкай канкрэтнай мясціне ці помніку. 

Цімох Акудовіч у перадачы «Вусы Скарыны». Скрыншот відэа

Цяпер асноўнай гістарычнай перадачай на «Белсаце» з'яўляецца «Вусы Скарыны», якую вядзе гісторык Цімох Акудовіч з маляванымі катамі. У выпусках перадачы разглядаюцца або канкрэтныя асобы з беларускай гісторыі — ад Палямона да Вільгельма Кубэ, — або канкрэтныя факты. Расповед Акудовіча перарываюць дылетанцкія пытанні маляваных катоў, на які гісторык дае адказы-ўдакладненні. 

Фармат відэа зручны для спажывання — не больш за 20 хвілін на кожную тэму. Усяго на гэты момант выйшла трохі менш за сотню выпускаў. 

Пры 29 300 падпісчыкаў на канале БЕЛСАТ HISTORY выпускі перадачы «Вусы Скарыны» збіраюць у сярэднім у тры разы менш праглядаў.

Гісторыя з Алесем Краўцэвічам

«Гісторыя з Алесем Краўцэвічам». Скрыншот відэа

Гісторык Алесь Краўцэвіч пасля «Загадак беларускай гісторыі» не згубіўся ў медыяпрасторы і завёў свой аўтарскі гістарычны канал, які называецца вельмі проста — «Гісторыя з Алесем Краўцэвічам». Краўцэвіч сканцэнтраваўся на сваёй упадабанай тэме гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, распавядаючы каля каміна пра розных славутых асоб і лёсавызначальныя падзеі ў сваіх 5-хвілінных роліках.

На канале Краўцэвіча 2 тысячы падпісчыкаў, а ролікі звычайна набіраюць да 1-2 тысячы праглядаў.

Гістфак

Відэападкаст «Гістфак». Скрыншот відэа

Гістарычны відэападкаст «Гістфак» выходзіць з канца чэрвеня 2024 года. Падкаст з’яўляецца праектам PALATNO Media. Вядоўцы падкаста, журналістка Даша Палынская і краязнавец Алесь Кіркевіч, абмяркоўваюць важныя падзеі ў гісторыі Беларусі, розныя цікавосткі і незвычайных асоб. Усяго выйшла 12 выпускаў, у якіх расказваюць пра скарбы, эміграцыю, паходжанне прозвішчаў, беларускія народныя казкі і дэманалогію, вікінгаў і камуністаў на Беларусі. Апошні выпуск першага сезона, прысвечаны пошуку продкаў, выйшаў у кастрычніку.

Падкаст лёгкі для ўспрымання, бо пабудаваны як гутарка двух зацікаўленых людзей. Праўда, пакуль паказчыкі ў відэападкаста сціплыя, трохі больш за 700 падпісчыкаў і ад 500 да пары тысяч праглядаў на відэа.

Няпростая гісторыя

Выпуск «Няпростай гісторыі» з колішнім лідарам «Саюдзіса» Вітаўтасам Ландсбергісам. Скрыншот відэа

Гістарычная перадача «Няпростая гісторыя» створана сумеснымі высілкамі палітога Андрэя Казакевіча і сацыёлага Аляксея Ластоўскага.

У выпусках аўтары гутараць з іншым беларускімі гісторыкамі на розныя тэмы, але, напэўна, галоўнай разынкай канала сталі дыскусіі з літоўскімі гісторыкамі і палітыкамі пра гістарычную спадчыну былога Вялікага Княства Літоўскага і падзеі часоў распаду СССР. 

Сёння ў канала амаль 5400 падпісчыкаў, але відэа збіраюць у разы больш праглядаў, найбольш папулярныя — больш за 20 тысяч праглядаў, а выпуск пра назву «Гудзія» з Камунтавічусам увогуле сабраў больш за 80 тысяч праглядаў.

Сармат

Васіль Калач у перадачы «Сармат». Скрыншот відэа

Відэапраект, прыдуманы гісторыкам Алесем Кіркевічам, выходзіць на канале «Будзьма Беларусамі!» і распавядае пра шляхецкую культуру і рэаліі жыцця ў Вялікім Княстве Літоўскім. 

Сапраўднай знаходкай праекта з'яўляецца яго вядоўца — акцёр і рэканструктар Васіль Калач. Калач і выглядае як чалавек мінулых стагоддзяў — з адпаведнай фрызурай, доўгімі вусамі і завушніцай, — і сваёй экспрэсіўнай манерай робіць пераканаўчым вобраз беларускага шляхціца. Здаецца, што ў «Сармаце» ён распавядае не пра кагосьці з даўніх часоў, а сам пра сябе. 

Дзесяціхвілінныя ролікі, якіх ужо адзнята каля паўсотні, глядзяцца з задавальненнем. Некаторыя з іх залятаюць на дзясяткі тысяч праглядаў.

Трызуб і Пагоня

Яшчэ адзін відэапраект «Будзьмы», «Трызуб і Пагоня», быў запушчаны ў верасні 2022 года, пасля шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Вядоўцай праграмы стала спявачка Кацярына Ваданосава, якая, дарэчы, мае гістарычную адукацыю.

Спачатку «Трызуб і Пагоня» задумваўся як праект, які будзе распавядаць пра 1000 гадоў супольнай гісторыі беларусаў і ўкраінцаў, хоць пра Беларусь, вядома, распавядаецца куды больш. 

Гістарычны відэападкаст з Ваданосавай даволі папулярны — кожны ролік збірае дзясяткі тысяч праглядаў, але можна заўважыць, што большасць каментарыяў пад відэа ад удзячных украінскіх гледачоў.

Відэа пра тое, хто спаліў Хатынь, стала, мабыць, рэкардсменам сярод усіх беларускіх відэа па гісторыі, сабраўшы ўжо больш за 930 тысяч праглядаў. Для відэа нават зрабілі субтытры на англійскай мове.

Vandra

У падкасце праекта VANDRA Раман Клеўжыц распавядае як пра гістарычныя мясціны Беларусі, так і вядзе гутаркі з людзьмі, якія датычныя да зберажэння культурнай спадчыны.

Падкаст знаёміць з прафесійнымі гісторыкамі, фалькларыстамі, музейшчыкамі, прадстаўнікамі нацыянальных меншасцей, вандроўнікамі, гідамі, актывістамі аховы гісторыка-культурнай спадчыны і прадпрымальнікамі, якія бяруць на сябе цяжар аднаўлення закінутых помнікаў. Усе яны робяць сваю справу, якая часта застаецца незаўважанай іншымі — Vandra стварае яскравы калейдаскоп Беларусі з іх гісторый і вобразаў нязведаных мясцін.

Так склалася гістарычна

Адзін з публічных запісаў падкаста «Так склалася гістарычна» з гісторыкам Сяргеем Емяльянавым. 

Аўдыяпадкаст «Так склалася гістарычна» з'явіўся ўлетку 2021 года і за гэтыя гады стаў фактычна сінонімам для гістарычнага падкасту ў Беларусі.

Стваральніцай і вядоўцай падкаста з'яўляецца гісторык Ганна Дзягель, яе лёгкая і часам жартаўлівая манера робіць успрыманне складаных тэм больш простым і не дае спецыялістам зусім занурыцца ў манатонны расповед. 

Падкаст ужо зведаў 70 гадзінных выпускаў, у якіх з'явіліся многія сучасныя беларускія гісторыкі і спецыялісты ў іншых сумежных галінах, у тым ліку Дзяніс Лісейчыкаў, Алег Дзярновіч, Ігар Грунтоў, Таццяна Валодзіна, Дзмітрый Скварчэўскі, Яўген Глінскі, Наталля Сліж і іншыя. 

«Так склалася гістарычна» не канцэнтруецца не нейкай асобнай тэматыцы, даючы магчымасць беларускім даследчыкам распавесці пра тыя тэмы, якімі яны шчыльна займаюцца. Праз гэта падкаст нярэдка выходзіць па-за межы Беларусі, распавядаючы пра вальдэнсаў, крыжовыя паходы і егіпецкія абеліскі.

Мастацтва і шляхта

Два невялікія падкасты, «Гісторыя беларускага мастацтва» і «Шляхецкія сем’i Беларусi», у мінулыя гады запісалі сумесна 34travel і МТС. З 8 выпускаў падкаста «Гісторыя беларускага мастацтва» атрымаўся агульны агляд мастацтва ад сарматызму і барока да супрэматызму і савецкага рэалізму. А ў другім падкасце таксама распавялі пра сем'і Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх, Тызенгаўзаў, Пуслоўскіх, Тышкевічаў, Храптовічаў, Друцкіх-Любецкіх.

Гісторыя Беларусі ад масквіча

Вокладка выпуску пра Яўстаха Любанскага. 

Адзіным цалкам рускамоўным падскастам па гісторыі Беларусі ў гэтым спісе будзе падкаст, створаны расіянінам. Дакладней, спецыяльны беларускі сезон падкаста «Закат империи» (у беларускім перакладзе атрымалася гульня словаў — «Захад імперыі»).

«Захад імперыі» распавядае пра людзей, падзеі і рухі пачатку пачатку XX стагоддзя, апошнія дзесяцігоддзі існавання Расійскай імперыі. 

Як прызнаваўся стваральнік падкаста Андрэй Аксёнаў, беларускі сезон рабілі ў першую чаргу для расіян, якія не маюць аніякага ўяўлення пра Беларусь і яе гісторыю, асабліва ў пачатку XX стагоддзя. Задача стаяла ўстрымацца ад імперыялістычнага погляду на Беларусь, як на частку Расіі і «брацкі народ».

Андрэй Аксёнаў, стваральнік падкаста «Захад імперыі». Скрыншот відэа

Беларуская тэма для Аксёнава не чужая, многія ягоныя сябры і нават жонка родам з Беларусі. Акрамя таго, у падрыхтоўцы выпускаў бралі ўдзел беларускія гісторыкі Цімох Акудовіч і Яўген Луферчык. 

Атрымалася выдатна. У падкасце граматна выбудаваны сторытэлінг, які зацягвае ў кожную гісторыю, а аўтар праводзіць цікавыя паралелі з сучаснымі рэаліямі, тлумачачы гістарычныя падзеі. У 12 выпусках сезона закранулі і падзеі рэвалюцыі 1905 года на Беларусі, і асобу мецэнаткі Магдалены Радзівіл, і тэму Вільні як культурнага цэнтра беларусаў, і гучныя скандалы вакол найбагацейшых родаў, і палітычныя рухі ў краі. 

Падкастарства стала сямейнай справай для Аксёнавых. Брат Андрэя, Сямён Аксёнаў, таксама запісвае вельмі цікавы падкаст-серыял пра гісторыю Старажытнага Рыма — «ROMA. Падение Республики».

Для хардкорных слухачоў

Для тых, хто любіць доўгія хардкорныя лекцыі па гісторыі, можна прапанаваць канал Беларускага інстытута ў Празе. Відэа пакуль не шмат, але ў кожным з іх спецыяліст у сваёй галіне на працягу больш як гадзіны распавядае пра нейкую сваю вузкаакрэсленую тэму. 

Мікола Волкаў у выпуску «Кавы з гісторыкам». Скрыншот відэа

Да таго ж фармату належыць і серыя лекцый «Кава з гісторыкам» на канале Беларускага моладзевага хаба. 

Некаторыя відэа па гісторыі таксама выкладае нядаўна створаны Беларускі інстытут публічнай гісторыі на сваім канале, але пакуль фармат нельга аднесці да рэгулярнага падкаста.

Што паслухаць яшчэ

Таксама шэраг гістарычных і калягістарычных падкастаў, у тым ліку «Гісторыя беларускага сэксу», «Асобы гiсторыi Беларусi», «Байкі ля вогнішча», можна адшукаць у каталогу падкастаў Belarus Podcast Hub, выбраўшы адпаведную тэму. 

Пра гісторыю мастацтва — і беларускага, і сусветнага — часам расказвае мастацтвазнаўца Мікіта Моніч у праекце «Около культуры».

Цяжкі пад'ём беларускага падкастынгу

У Беларусі з'явілася ўжо нямала цікавых падкастаў, прысвечаных гісторыі, але пакуль яны не атрымліваюць шырокай увагі, праглядаў мала. Падпісваецеся і слухайце беларускія падкасты, каб не ўмёрлі!

Заўважны ўзлёт падкастаў на абсалютна розныя тэмы, напрыклад, у суседняй Расіі, добра бачаць і беларускія аўтары. Гэты прыклад натхняе, але пакуль беларускі падкастынг не зведаў такога поспеху. 

Бываюць пытанні і да якасці самога кантэнту. Можна дараваць тэхнічныя хібы, але нярэдка асновай для гістарычных падкастаў становяцца або матэрыялы падручнікаў, або заезджаныя тэмы.

Многія прытрымліваюцца логікі, што беларускі падкаст мусіць быць толькі пра Беларусь ці пра тэмы, якія хоць неяк з ёю звязаны. Так тэмы сусветнай гісторыі і гісторыі мастацтва амаль цалкам аддаюцца на водкуп расійскім падкастарам. У баку застаецца і гісторыя побыту нашых продкаў — гэтую тэму ўжо зусім няма каму аддаць.

Перапакоўка відэакантэнту ў аўдыяфармат, магчыма, дапамагла б аўтарам пашырыць ахоп сваёй аўдыторыі, асабліва сярод тых, хто слухае падкасты ў дарозе ці на працы — сёння без прэміяльнай падпіскі ў YouTube гэта зрабіць не атрымаецца.

Нават калі падкасты і перапакоўваць у аўдыяфармат, то ігнаруюць «варожую» пляцоўку «Яндэкс Музыка», якой масава карыстаюцца ў Беларусі (асабліва з улікам таго, што некаторыя іншыя платформы заблакаваны). Куды больш рацыянальнай стратэгіі трымаюцца аўдыяпадкасты, як, напрыклад, «Так склалася гістарычна» ці Vandra, якія адпачатку прысутнічаюць абсалютна ўсіх магчымых платформах — дзе-небудзь ды стрэліць.

Nashaniva.com