На «востраве педафілаў» у Вялікабрытаніі манахі згвалцілі больш за 50 дзяцей

Востраў Калдзі, дзе размешчана абацтва каталіцкага ордэна манахаў-цыстэрцыянцаў, апынуўся ў цэнтры гучнага скандалу. Расказваем падрабязнасці.

11.12.2024 / 19:09

Абацтва каталіцкага ордэна манахаў-цыстэрцыянцаў на востраве Калдзі. Фота: Getty Images

Востраў Калдзі (Caldey) ля ўзбярэжжа Пембрукшыра ва Уэльсе з'яўляецца папулярным турыстычным месцам. Кожнае лета яго наведвае каля 60 тысяч турыстаў. На востраве пастаянна жывуць каля 40 чалавек, уключна з 8 манахамі.

Да нядаўняга часу ніхто не ведаў, што хаваецца за яго прыгожымі пейзажамі і манастырскімі сценамі. Жахлівую праўду раскрывае справаздача, якая была днямі апублікаваная. З яе асноўным зместам знаёміць выданне Daily Mail.

Як вынікае з матэрыялаў справаздачы, востраў Калдзі, дзе знаходзіцца абацтва ордэна манахаў-цыстэрцыянцаў, членам якога забараняецца нават размаўляць адзін з адным амаль увесь тыдзень, на працягу 1960—1980-х гадоў быў месцам, у якім адбываўся сэксуальны гвалт над дзецьмі.

Пачатак расследаванню паклалі паказанні адной з ахвяр супраць манаха Тадэвуша Коціка, які трапіў на востраў у 1947 годзе.

Як высветліла паліцыя, Коцік быў не тым чалавекам, за якога сябе выдаваў. Мужчына падрабіў дакументы пра сваю службу ў шэрагах польскіх узброеных сіл на Захадзе ў час Другой сусветнай вайны і сцвярджаў, што быў удзельнікам высадкі саюзнікаў у Нармандыі. На самай справе ён быў «остарбайтарам» і пайшоў на падман для атрымання брытанскага грамадзянства.

Адзін са здымкаў Тадэвуша Коціка, які перадалі ахвяры яго гвалту. Скрын відэа: MurderSheShed / YouTube

У справаздачы гаворыцца, што Коцік выкарыстоўваў «складаныя стратэгіі», каб заваяваць давер маленькіх дзяцей і іх бацькоў. У некаторых выпадках бацькі пакідалі з ім сваіх дзяцей, упэўненыя ў іх бяспецы.

Коцік, які памёр у 1992 годзе, дзейнічаў ва ўсіх навідавоку, але ў манастыры ніяк не рэагавалі на ягоныя «забавы». Акрамя яго, у датычнасці да злачынных дзеянняў абвінавачваюцца яшчэ чатыры манахі і некалькі цывільных асоб.

Усяго, як паказала расследаванне, у перыяд з 1960 па 1992 год сэксуальны гвалт на востраве быў здзейснены адносна 54 дзяцей. Некаторым з іх было ўсяго тры гады. У асобных выпадках даходзіла да гвалтавання.

Большасць ахвяр наведвалі востраў разам з бацькамі падчас іх адпачынку ці ў ходзе паездак, якія арганізоўвалі і аплачваліся каталіцкімі маладзёжнымі суполкамі і школамі.

Адметна, што ніхто з манахаў-педафілаў так і не трапіў у рукі правасуддзя. У сакавіку 2017 года грамадзянскі пазоў супраць абацтва скончыўся дасудовым урэгуляваннем з выплатай кампенсацыі шасці ахвярам.

У ЗША 26-гадовы педафіл на працягу года хадзіў у адзін клас з падлеткамі. Ніхто не здагадаўся

Чаму ў Беларусі сталі выкрываць больш педафілаў? Адказвае следчы

Супрацоўнік дзіцячага садка з Аўстраліі на працягу 20 гадоў гвалтаваў дзяцей

Антось Жупран