Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам
У офісе прэзідэнта краіны праходзяць ператрусы.
11.12.2024 / 07:49
Кім Ён Хэн. Фота: Wikimedia Commons
Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі Кім Ён Хэн спрабаваў пакончыць з сабой у следчым ізалятары на ўсходзе Сеула, паведаміў кіраўнік установы на слуханнях у парламенце.
Як распавёў чыноўнік, цяпер стан экс-міністра не выклікае боязі. З ягоных слоў, у сітуацыю аператыўна ўмяшаўся супрацоўнік СІЗА, і Кім Ён Хэн «неадкладна адмовіўся ад спробы».
Інцыдэнт адбыўся ўвечары ў аўторак незадоўга да таго, як суд у Сеуле афіцыйна арыштаваў былога міністра па абвінавачванні ў дачыненні да арганізацыі бунту.
Па звестках следства, Кім Ён Хэн прапанаваў прэзідэнту Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёлю абвясціць у краіне ваеннае становішча і загадаў размясціць вайскоўцаў у будынку Нацыянальнага сходу.
Юн Сок Ёль увёў ваеннае становішча позна ўвечары 3 снежня. Парламент заблакаваў гэтае рашэнне, пасля чаго прэзідэнт быў вымушаны яго адмяніць. Пасля гэтага кіраўнік Мінабароны падаў у адстаўку, пачалося расследаванне.
Сам прэзідэнт таксама праходзіць па справе, яму забаронена пакідаць краіну. У сераду паліцыя прыйшла ў яго офіс з ператрусамі.
Кім Ён Хэн, якога затрымалі ў мінулую нядзелю, у аўторак прынёс прабачэнні, заявіўшы праз адвакатаў: «Уся адказнасць за гэтую сітуацыю ляжыць выключна на мне».
Ён выбачыўся перад паўднёвакарэйскім народам і сказаў, што яго падначаленыя «прытрымліваліся загадаў і выконвалі ўскладзеныя на іх абавязкі».
Акрамя офіса прэзідэнта, паўднёвакарэйская паліцыя таксама правяла ператрусы ў офісах паліцыі Сеула і падраздзялення, якое адказвае за ахову будынка парламента.
Па даных Yonhap, прэзідэнт пры ператрусах не прысутнічаў, аднак яго імя было ўказана сярод падазраваных у ордары на ператрус.