Навукоўцы знайшлі ў сэрцы «міні-мозг». Што гэта азначае?

Дагэтуль лічылася, што біццё сэрца кантралюецца выключна нервовай сістэмай чалавека праз сігналы ад галаўнога мозгу. Але новае адкрыццё можа кардынальна змяніць уяўленне сусветнай навуковай супольнасці аб працы чалавечага сэрца.

15.12.2024 / 10:12

Ілюстрацыйны малюнак, створаны з дапамогай штучнага інтэлекту

Каманда шведскіх навукоўцаў з Каралінскага інстытута з дапамогай найноўшых метадаў геномнай і нейрафізіялагічнай візуалізацыі выявіла, што нервовая сістэма сэрца нашмат больш складаная, чым лічылася раней.

У сэрца ёсць нейронная сетка, убудаваная ў паверхневыя пласты яе сценак. Дагэтуль гэтая сетка лічылася простай структурай, якая перадае сігналы ад галаўнога мозгу. Цяпер навукоўцы дзякуючы найноўшым метадам геномнай і нейрафізіялагічнай візуалізацыі змаглі ўбачыць дэталёвую структуру нейроннай сеткі сэрца і прыйшлі да высновы, што яна па складанасці вельмі нагадвае міні-версію галаўнога мозга і аўтаномна кіруе жыццёва важнымі функцыямі арганізма чалавека.

Эксперыменты паказалі, што «міні-мозг» сэрца гуляе ключавую ролю ў кантролі за сэрцабіццём, падобна да таго, як галаўны мозг рэгулюе рух і дыханне чалавека. Даследчыкі выявілі некалькі тыпаў нейронаў у сэрцы, кожны з якіх выконвае розныя функцыі. Адзін з тыпаў непасрэдна адказвае за рэгуляцыю сардэчнага рытму, яго адаптацыю да фізічнай актыўнасці, стрэсаў і іншых зменаў у арганізме.

«Здольнасць сэрца самастойна кантраляваць пэўныя аспекты сваёй працы можа змяніць падыходы да лячэння і дыягностыкі захворванняў. Гэта адкрывае новае поле для вывучэння ў медыцыне і навуцы», — гаворыцца ў артыкуле навукоўцаў.

На думку даследчыкаў, наступным этапам стане вывучэнне таго, як гэтая сістэма ўзаемадзейнічае з галаўным мозгам і нервовымі цэнтрамі арганізма. Зразуменне гэтых механізмаў можа дапамагчы лепш зразумець і прадухіліць захворванні, звязаныя са збоямі ў працы сэрца.

Шведскае даследаванне не толькі адкрывае новыя гарызонты ў навуцы, але і выклікае больш шырокія развагі пра ўзаемасувязь унутраных сістэм чалавека. Сэрца, якое доўгі час лічылася выключна органам, падпарадкаваным мозгу, цяпер бачыцца больш складанай сістэмай, здольнай да аўтаномнай працы і самарэгуляцыі.

Навукоўцы знайшлі спосаб падмануць смерць

«Запчасткі для людзей» — вучоныя вырошчваюць крывяносныя сасуды ў лабараторыі

Новая вакцына ад ВІЧ прайшла фінальнае выпрабаванне. Эфектыўнасць — рэкордныя 99%

Nashaniva.com