Рыгор Барадулін пераведзены з рэанімацыі ў тэрапію
Стан пісьменніка значна палепшыўся, настрой бадзёры, і ён ужо ходзіць.
01.03.2010 / 23:16
Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін 1 сакавіка пераведзены з аддзялення рэанімацыі ў тэрапеўтычнае аддзяленне Рэспубліканскай бальніцы Кіраўніцтва спраў прэзідэнта, паведаміў сябар Барадуліна, паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін.
Паводле яго слоў, стан Барадуліна значна палепшыўся, настрой бадзёры, і ён ужо ходзіць.
Вечарам 14 лютага Барадулін быў шпіталізаваны з дыягназам «левабаковая пнеўманія» і тэмпературай звыш 40 градусаў.
10 лютага народны паэт выпісаўся з Мінскай гарадской клінічнай бальніцы №10, дзе лячыўся ў аддзяленні кардыялогіі. 13 лютага Барадулін меў намер узяць удзел у прэзентацыі сваёй новай кнігі паэзіі на беларускай і рускай мовах «Перакуленае/Опрокинутое», выпушчанай маскоўскім выдавецтвам «Время» да яго 75-годдзя (24 лютага). Аднак не змог зрабіць гэтага па стане здароўя.