Расійскі карабель абстраляў сігнальнымі боепрыпасамі нямецкі верталёт у Балтыйскім моры

Міністарка замежных спраў Германіі Аналена Бербак згадала пра інцыдэнт у кулуарах сустрэчы НАТА ў Бруселі. Верталёт Бундэсвера выконваў разведвальную місію, а расійскі карабель абстраляў яго сігнальнымі боепрыпасамі, паведамляе Bild.

04.12.2024 / 16:20

Фота ілюстрацыйнае

Калі менавіта адбыўся інцыдэнт і што за карабель ВМФ РФ быў у ім задзейнічаны, нямецкая міністарка не ўдакладніла.

У якасці прычыны інцыдэнту Бербак назвала гібрыдныя атакі з боку Расіі і яе саюзнікаў. Нямецкі вайсковы верталёт праводзіў разведку над Балтыйскім морам на фоне росту колькасці дыверсій супраць еўрапейскай інфраструктуры ў гэтым раёне.

Агенцтва DPA адзначае, што выкарыстанне сігнальных боепрыпасаў на моры дапушчальнае толькі ў надзвычайных сітуацыях.

Паводле слоў Аналены Бербак, Германія ўзмоцніць кантроль за трубаправодамі і кабелямі перадачы даных у Балтыйскім моры. Узмоцніцца таксама абарона крытычнай інфраструктуры з дапамогай патрулёў.

Інцыдэнт з верталётам — чарговы эпізод працяглага супрацьстаяння. Так, у лістападзе былі пашкоджаныя два оптавалаконныя кабелі. Адзін зь іх звязваў Германію і Фінляндыю, другі — Швецыю і Літву. Шведскія ўлады падазраюць, што ў гэтым задзейнічана кітайскае судна Yi Peng 3, якое праходзіла побач падчас пашкоджання кабеляў.

Заходнія палітыкі абвінавачваюць у жаданні аслабіць Еўропу з дапамогай гібрыдных нападаў не толькі Расію і Кітай, але таксама КНДР і Іран. Гэтыя атакі робяцца без вядзення адкрытай вайны, і іх часта цяжка ці немагчыма прыпісаць канкрэтнаму выканаўцу.

Пашкоджаны кабель паміж Швецыяй і Фінляндыяй

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні

Капітанам кітайскага судна, якое падазраюць у пашкоджанні кабеляў на дне Балтыйскага мора, аказаўся грамадзянін Расіі

Кітайскае судна адключыла перадатчык даных за некалькі гадзін да абрыву кабеля ў Балтыйскім моры

Nashaniva.com