У шматдзетнай сям’і з-пад Пружан пасадзілі маці, бацьку, а цяпер і бабу — усіх за палітыку
Маці палітзняволенай Юліі Лаптановіч будуць судзіць за інтэрв'ю «Белсату». Таццяну Васільеву затрымалі ў Пружанах 27 жніўня.
04.12.2024 / 14:36
Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» у 2021 годзе. Яе ўтрымліваюць у брэсцкім СІЗА-7, паведамляе «Вясна».
Суд над палітзняволенай распачнецца 16 снежня ў Брэсцкім абласным судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Сянько.
Вядома, што Таццяну затрымлівалі ў студзені 2024 года падчас рэйду КДБ за дапамогу палітвязням. У лютым Таццяну асудзілі паводле ч. 2 ст. 24.15 КоАП за «атрыманне замежнай бясплатнай дапамогі».
Яе дачка — шматдзетная Юлія Лаптановіч — утрымліваецца за кратамі больш за 3 гады. Муж Юліі, якога таксама асудзілі па палітычнай справе, летась цалкам адбыў тэрмін пакарання і выйшаў на волю.