Ва Украіне ў падпольнай друкарні знайшлі пячатку Міністэрства абароны Беларусі
Там друкаваліся падробленыя даведкі і іншыя дакументы для ўхілення ад мабілізацыі.
04.12.2024 / 13:25
Ілюстрацыйнае фота: facebook com / SecurSerUkraine
Супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны ліквідавалі ў Кіеве падпольную друкарню, якая друкавала падробленыя даведкі для ўхілення мужчын ад мабілізацыі.
Умельцы рабілі ліпавыя даведкі коштам ад 8 да 12 тысяч даляраў. Па справе было затрымана 14 чалавек, сярод іх ёсць вайскоўцы, заўважылі «Моцныя навіны».
Сілавікі выйшлі на непасрэднага вытворцу падробленых дакументаў, яго затрымалі ў Палтаве ў выніку спецаперацыі некалькі дзён таму. Фігуранта ўзялі з доказамі злачынства падчас аператыўнага эксперыменту.
СБУ адправіла да яго падстаўнога кліента, якому нібыта патрэбна была даведка, каб не патрапіць пад мабілізацыю. Палтавец абяцаў вырашыць яго праблему за 2 тысячы даляраў: для кліента падрыхтавалі падробленыя дакументы аб тым, што ён з'яўляецца аспірантам універсітэта, а таму мае чатырохгадовую адтэрміноўку ад прызыву. Арыштавалі фігуранта падчас перадачы замовы.
У ходзе ператрусу ў жыхара Палтавы знайшлі дзясяткі бланкаў і копій дыпломаў, розных даведак, а таксама штампы, круглыя і гербавыя пячаткі розных дзяржструктур, у тым ліку медустаноў і вайсковых частак, а таксама ноўтбукі, камп'ютары і прынтары.
Самай нечаканай знаходкай у гэтай калекцыі аказалася пячатка з гравіроўкай «Міністэрства абароны — Беларусь — Цэнтральны архіў Рэспублікі Беларусь». Эксперты будуць ацэньваць сапраўднасць пячатак.
Абвінавачаны — інвалід другой групы — нядрэнна зарабіў на незаконным бізнэсе. Суд арыштаваў яго электрамабіль Tesla Model 3 коштам блізу 30 тысяч даляраў і знойдзеныя 112 тысяч даляраў, не лічачы дзясяткаў тысяч грыўняў. Фігуранту абралі меру стрымання ў выглядзе закладу з нашэннем электроннага бранзалета. Яму пагражае ад 5 да 10 гадоў пазбаўлення волі.