Войскі, якія ачапілі парламент Паўднёвай Карэі, сталі пакідаць будынак. Здаецца, вайсковы пераварот праваліўся
Войскі пачалі адступаць ад парламента пасля таго, як дэпутаты прынялі рэзалюцыю аб адмене ваеннага становішча ў краіне, якое спрабаваў увесці прэзідэнт Юн Сок Ёль. Пра гэта паведаміў мясцовы тэлеканал YTN.
03.12.2024 / 20:38
Скрыншот з відэа
Тым не менш частка войскаў пакуль застаецца на дзяжурстве каля будынка парламента, адзначае канал.
Рашэнне аб ваенным становішчы канчаткова павінен адмяніць сам прэзідэнт, які дасць каманду Мінабароны. Ён абавязаны зрабіць гэта пасля галасавання парламента, але такога рашэння пакуль няма.Таму пакуль у краіне захоўваецца двухсэнсоўная сітуацыя.
Прадстаўнік партыі «Сіла народа», да якой адносіцца і прэзідэнт, заявіў: «Ваеннае становішча вычарпала свой практычны эфект. Ажыццяўленне дзеянняў на аснове ваеннага становішча з'яўляецца незаконным для вайскоўцаў і паліцыі». Пры гэтым ён адзначыў: «Як кіроўная партыя, мы вельмі шкадуем, што адбыўся гэты інцыдэнт. Мы абаронім народ і ліберальную дэмакратыю».
Карэйскія СМІ пішуць, што вакол будынка адміністрацыі прэзідэнта пануе напружаная атмасфера. Колькасць супрацоўнікаў службы бяспекі там значна павялічаная. Звестак пра тое, дзе цяпер Юн Сок Ёль, які аб'явіў ваеннае становішча, няма.
Дзеянні прэзідэнта былі нібыта настолькі нечаканымі, што нават супрацоўнікі ягонай адміністрацыі не ведалі зместу яго выступу, пакуль ён не выйшаў у эфір.
Дзярждэп ЗША, у сваю чаргу, выказаў «сур’ёзную занепакоенасць». Выглядае, што рашэнне прэзідэнта Паўднёвай Карэі стала сюрпрызам і для адміністрацыі Джо Байдэна.
Парламент Паўднёвай Карэі прагаласаваў за адмену ваеннага становішча
У Паўднёвай Карэі адкрылі незвычайны Starbucks — з магчымасцю назіраць за жыхарамі КНДР