У Паўднёвай Карэі адбываецца спроба перавароту. Прэзідэнт абвясціў ваеннае становішча, матывуючы патрэбай абароны ад «камуністычных сілаў»
Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль абвясціў у краіне ваеннае становішча, паведаміла паўднёвакарэйскае інфармацыйнае агенцтва Yonhap. Гэта адбылося пасля спробы парламента абвясціць імпічмент прэзідэнту.
03.12.2024 / 18:26
Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль падчас свайго выступлення
Рэйтынг прэзідэнта апошнімі месяцамі зніжаецца. У канцы лістапада апазіцыйная Дэмакратычная рабочая партыя Паўднёвай Карэі адхіліла прапанову ўрада па бюджэце і вырашыла абвясціць імпічмент дзяржаўнаму аўдытару і галоўнаму пракурору.
У адказ кіраўнік дзяржавы абвінаваціў апазіцыю краіны ў сімпатыях да Паўночнай Карэі і паралізаванні працы ўрада, піша AFP.
«Я абвяшчаю надзвычайнае ваеннае становішча, каб падавіць паўночнакарэйскія сілы і абараніць свабодны канстытуцыйны парадак», — заявіў Прэзідэнт Юн Сок Ёль, выступаючы з экстраннай прамовай у прэзідэнцкім офісе.
Раней падчас экстраннай нарады з урадам ён заявіў пра спробы правядзення супраць яго працэдуры імпічменту.
Міністэрства нацыянальнай абароны Паўднёвай Карэі выпусціла тэрміновую навіну, што «правяло нараду ключавых камандуючых усімі ўзброенымі сіламі».
Авіяцыя над Сеулам, сталіцай Паўднёвай Карэі
Экс-прэзідэнт, апазіцыя і нават кіраўнічая партыя пратэстуюць і лічаць гэта спробай пазбегнуць імпічменту. Армія, у сваю чаргу, на загад прэзідэнта заблакавала ўваходы ў парламент. Каля будынка парламента, нягледзячы на начны час, пачалі збірацца дэманстранты. У краіне ўведзеная вайсковая цэнзура СМІ.
Вайсковыя ці канстытуцыйныя перавароты — рэдкасць для сучасных дэмакратычных краін: апошні раз такая спроба мела месца хіба ў Турцыі ў 2016 годзе.
Калі карэйская спроба ўдасца, гэта памяняе прынятыя ў апошнія 40 гадоў правілы гульні.
У Паўднёвай Карэі адкрылі незвычайны Starbucks — з магчымасцю назіраць за жыхарамі КНДР
З'яўленне паўночнакарэйскіх войскаў ва Украіне — крок да Трэцяй сусветнай?