Камбербэтч прачытае кнігу Навальнага «Патрыёт» у эфіры Бі-бі-сі

Брытанскі акцёр Бенедыкт Камбербэтч прачытае ў эфіры Бі-бі-сі мемуары расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага «Патрыёт». Праграма выйдзе ў эфір 9 снежня на радыёканале BBC Radio 4, піша Радыё Свабода.

03.12.2024 / 14:41

Anadolu agency via Getty Images

У сакавіку гэтага года ў рамках праекта Letters Live у лонданскім Альберт-Холе Камбербэтч чытаў адзін з апошніх лістоў Навальнага, які расійскі апазіцыйны палітык напісаў да трэцяй гадавіны свайго вяртання ў Расію і за месяц да сваёй гібелі ў калоніі. «Калі твае перакананні чагосьці вартыя, ты павінен быць гатовы пастаяць за іх. І калі трэба, пайсці на нейкія ахвяры», — пісаў Навальны.

У красавіку 2023 года Камбербэтч разам з іншымі знакамітасцямі падпісаў ліст Уладзіміру Пуціну з патрабаваннем вызваліць Навальнага. У 2021 годзе акцёр быў сярод падпісантаў звароту да Пуціна з просьбай забяспечыць медыцынскую дапамогу Навальнаму ў калоніі.

Кніга ўспамінаў Аляксея Навальнага «Патрыёт» выйшла ў свет 22 кастрычніка. Яна выдадзена на 26 мовах, і паступіла ў продаж у 36 краінах свету.

Nashaniva.com