Стала вядома пра затрыманне 77-гадовага Васіля Густыра, аднаго з найлепшых аграрыяў Беларусі
Васіль Густыр больш за 45 гадоў узначальваў моцную гаспадарку «Свіслач» пад Гроднам, а скончылася ўсё крымінальнай справай. Яму пагражае да 12 гадоў зняволення.
03.12.2024 / 11:03
Васіль Густыр. Фота: sb.by
Іх вінавацяць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Пакаранне па гэтым артыкуле — ад 5 да 12 гадоў зняволення.
77-гадовы Васіль Густыр — адзін з самых паспяховых аграрыяў Беларусі, мае званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі, ордэн Айчыны ІІІ ступені. Яго «Свіслач» уваходзіла ў топ-10 гаспадарак краіны па ўраджайнасці.
Густыр нарадзіўся на Пружаншчыне, але ўрэшце асеў пад Гродна. Ён узначаліў «Свіслач» у красавіку 1977 года і кіраваў ёй каля 47 гадоў. Пры ім у аграгарадку Свіслач давялі да ладу палац Красінскай-Пуслоўскай, у якім адкрылі музей гаспадаркі, таксама аднавілі царкву.
Аграрый быў героем дзясяткаў публікацый дзяржаўных СМІ. Хваліў палітыку Аляксандра Лукашэнкі, падтрымліваў «Белую Русь». Шмат разоў быў дэпутатам Гродзенскага раённага савета дэпутатаў, катаўся на Усебеларускія народныя сходы.
Аднак гэта не ўратавала ад крымінальнага пераследу.
Інфармацыю пра яго затрыманне сілавікі не паведамлялі. Дакладна невядома, калі гэта адбылося. У канцы 2023 года Густыр яшчэ даваў бадзёрыя інтэрв'ю, а ў сакавіку 2024 года на яго месца прызначылі Сяргея Саўчыка, галоўнага агранома «Свіслачы».