«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі

У Грузіі з 28 лістапада працягваюцца масавыя пратэсты супраць прыпынення перамоваў з ЕС. Масавыя выступленні пачаліся пасля заявы прэм'ера Іраклія Кабахідзэ, лідара кіруючай партыі «Грузінская мара», аб прыпыненні перамоў па ўступленні Грузіі ў Еўрасаюз да 2028 года. Пратэстоўцаў падтрымала і прэзідэнт Саламе Зурабішвілі. Як далей могуць развівацца падзеі, «Настоящему времени» расказаў грузінскі палітолаг Гела Васадзэ. 

03.12.2024 / 09:16

Дэманстранты стаяць на барыкадах падчас акцый пратэсту супраць рашэння ўрада прыпыніць перамовы аб далучэнні да Еўрасаюза ў Тбілісі, Грузія, 3 снежня 2024 г. Фота: AP Photo / Zurab Tsertsvadze

Прэм'ер Іраклій Кабахідзэ нагадаў Саламе Зурабішвілі пра завяршэнне прэзідэнцкага тэрміну 29 снежня: «Яна прайграла выбары 26 кастрычніка і павінна з гэтым змірыцца».

Па словах палітолага Гелы Васадзэ, Саламе Зурабішвілі можа адказаць стварэннем «альтэрнатыўнага палітычнага цэнтра».

«У канстытуцыйным судзе ўжо ёсць пазоў аб нелегітымнасці выбараў, і гэтае рашэнне ў руках «Грузінскай мары»: суд пад іх кантролем. Можна вярнуцца да старога парламента, да старога ўрада і аб'явіць новыя выбары. Але ці пойдзе на гэта «Мара»? Усе вельмі моцна сумняваюцца. Таму будзе двоеўладдзе. І, адпаведна, Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат. Калі гэта атрымаецца, тады гэта будзе рэвалюцыя.

На яго думку, Зурабішвілі застаецца адзіным легітымным інстытутам: парламенцкія выбары былі несправядлівымі, таму нелегітымны парламент не можа абраць прэзідэнта.

«Або вяртаецца стары парламент, і ён застаецца легітымным інстытутам, ці яна застаецца адзіным легітымным інстытутам. А далей — тэхнічны ўрад, які проста прызначыць новыя выбары», — выказаў надзею Васадзе.

На думку эксперта, «Грузінская мара» не мае сілавога рэсурсу для падаўлення пратэстаў.

«Калі раптам будзе эскалацыя гвалту, то гэтая эскалацыя гвалту будзе, вядома ж, выключна з падачы Масквы. Але калі раптам нехта вырашыць страляць у народ, то і народ можа адказаць», — кажа ён.

Грузінскі палітолаг нагадаў, што выбары ў Грузіі датычацца не толькі Паўднёвага Каўказа, але і Расіі, і Захаду.

«Для Расіі, якая апынулася ў міжнароднай ізаляцыі, а міжнародная ізаляцыя — гэта яшчэ і лагістычная ізаляцыя, дзе заходні напрамак практычна закрыты, адзіны напрамак у свет — Паўднёвы Каўказ, Чорнае мора. Грузія з'яўляецца такой замковай краінай, ад слова «замок», на Паўднёвым Каўказе. Таму для Расіі прынцыпова важна, вядома, аднавіць свой кантроль і ўплыў у Грузіі», — кажа эксперт.

Nashaniva.com