Ахоўніку ў Хойніках дапамог адбіцца ад ваўка ролік у TikTok. Міліцыянеры застрэлілі драпежніка з восьмага разу
Падчас нападу мужчына раптам успомніў відэа, якое нядаўна трапілася ў рэкамендацыях, і гэта, магчыма, выратавала яму жыццё.
02.12.2024 / 16:34
Фота: «Анлайнер»
Воўк напаў на вартаўніка фермерскай гаспадаркі ў Хойніцкім раёне 26 лістапада. Жывёліна пакусала Міхаілу Тарасенку рукі, учапілася ў нагу, але вартаўнік змог адбіцца і схавацца ў бытоўцы.
Сам Міхаіл расказаў «Анлайнеру», што дзейнічаў інтуітыўна.
«Усё адбылося, можа, за якую хвіліну. Было яшчэ цёмна, каля пятай раніцы, калі я пачуў брэх сабак і вырашыў выйсці на вуліцу паглядзець, што там адбываецца. Адчыніў дзверы — і ўсё, што паспеў заўважыць, гэта сабак, якія разбягаюцца, і ваўка, які ляціць да мяне. Ён схапіў мяне за нагу, я паспрабаваў разадраць яму пашчу, усунуў туды кулак і ў выніку адбіўся. Забег у бытоўку, падпёр дзверы і набраў першы нумар у мабільным — гэта быў нумар жонкі Наташы», — успомніў Міхаіл.
Жонка адразу зразумела, што здарылася бяда: раней муж не тэлефанаваў ёй так ранай.
«Ён мне ніколі ў такі час не тэлефанаваў, а тут чую: «Мяне пакусаў воўк, выкліч хуткую і МНС» — і ўсё, на гэтым яго голас абарваўся. У мяне пачалася поўная істэрыка, шок. Усё, што я паспела ў яго спытаць, ці жывы ён. Ужо потым Міша мне расказаў, што не мог са мной гаварыць, таму што звер кідаўся на дзверы вартоўні, а ён іх трымаў, сцякаючы крывёй», — расказала Наталля.
Яна патэлефанавала суседу, а той набраў нумыры міліцыі, хуткай і агульнага знаёмага Леаніда. Сябар, праўда, адразу выехаць на месца здарэння не змог: выйшаўшы на вуліцу, ён пабачыў каля машыны яшчэ трох ваўкоў.
Пазней Леанід усё ж змог дабрацца да фермы. Ён патэлефанаваў Наталлі і паведаміў, што яе муж жывы, але сцякае крывёй. А ваўка застрэлілі міліцыянеры — атрымалася далёка не з першага патрона.
«Мішу я пабачыла ўжо ў бальніцы. Ён казаў, што міліцыя прыехала першай, і воўк стаў кідацца на кіроўцу «уазіка». Толькі з восьмага патрона забілі таго ваўка, і толькі потым да Мішы змаглі падступіцца медыкі», — адзначыла Наталля.
А яшчэ яна ўспомніла цікавы момант: выратаваць жыццё яе мужу мог ролік у TikTok.
«Незадоўга да гэтага Міша мне расказваў, што бачыў у TikTok ролік пра тое, што рабіць пры нападзе драпежніка, і, калі ўсё здарылася, ён прызнаўся, што на секунду ўспомніў гэты ролік і зрабіў усё так, як там гаварылася», — расказала Наталля.
Аналізы засведчылі, што воўк быў хворы на шаленства. Цяпер Міхаіл праходзіць тэрапію: яму паставілі ўколы вакол раны, у вену і пад лапатку. Прагнозаў па выпісцы дактары пакуль не даюць.
Падрабязнасці здарэння ў Хойніках, дзе воўк напаў на вартаўніка і міліцыянтаў
У Хойніцкім раёне воўк напаў на вартаўніка, а потым на міліцыянераў, якія прыехалі на выклік
«Я такіх сабак ніколі не бачыла». Воўк ці сабака: хто трымае ў страху жыхароў Віцебска