Міністрам культуры прызначаны артыст Руслан Чарнецкі

абноўлена

У адрозненне ад калег, у 2020-м Чарнецкі прысягаў у любові Лукашэнку. За гэта ён сёлета быў прызначаны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

02.12.2024 / 11:42

Пасля 2020 года Чарнецкі стаў адным з самых актыўных ябацек, неаднаразова падкрэсліваў гэта ў шматлікіх інтэрв'ю. У якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў адпрацаваў менш за год. Цяпер, выглядае, дэпутацкае крэсла стане вакантным — спалучаць дзве пасады нельга.

Раней міністрам культуры быў 53-гадовы Анатоль Маркевіч — школьны настаўнік, які доўгі час узначальваў Навагрудскі райвыканкам і не меў ніякага дачынення да культуры. Пры Маркевічу на поўную сілу запрацавалі «чорныя спісы» дзеячаў культуры, якім не давалі выступаць у Беларусі.

Тым не менш прарасійскія актывісты накшталт Вольгі Бондаравай лічылі дзеянні Маркевіча недастаткова радыкальнымі і патрабавалі яго адстаўкі.

Руслан Чарнецкі нарадзіўся 1 ліпеня 1981 года ў Мінску. Па першай адукацыі аўтаслесар, скончыў тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «Акцёрскае майстэрства драматычнага тэатра і кіно».

Працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, актыўна здымаецца ў кіно, вядзе праграму «Наша раніца» на АНТ.

Заслужаны артыст Беларусі.

Nashaniva.com