Чыноўнікі ў Гомельскай вобласці запатрабавалі адключыць тэлевізары ў арганізацыях і прадпрыемствах ад інтэрнэту
Райвыканкамы рассылаюць у падведамныя ўстановы ў Гомельскай вобласці ўказанні, звязаныя з працай экранаў у арганізацыях і на прадпрыемствах.
02.12.2024 / 11:26
Калаж з фота: t.me/motolkohelp
Як даведаўся Флагшток, ідэолагі паставілі задачу забяспечыць працу тэлевізараў, інфармацыйных панэляў і іншых падобных электронных прылад без іх падлучэння да інтэрнэту.
Патрабаванне перавесці экраны ў аўтаномны рэжым можа казаць пра асцярогу ўладаў паўтарэння сітуацыі, калі ў другую гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны, 24 лютага, у менскім метро трансляваўся зварот Святланы Ціханоўскай. Тады сістэма рэкламных экранаў была ўзламаная з-за мяжы праз інтэрнэт.
Гэтае патрабаванне ідэолагаў з'явілася незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў, якія з'яўляюцца фармальнай працэдурай перавыбрання Аляксандра Лукашэнкі. У перыяд кампаніі ўлады баяцца любой праявы нязгоды з дзеяннямі рэжыму.
Такім чынам, чыноўнікі на месцах могуць перастрахоўвацца пасля заявы Лукашэнкі аб тым, што ў выпадку неабходнасці ён дасць указанне адключыць у Беларусі інтэрнэт.
Акрамя забеспячэння аўтаномнай працы экранаў ідэолагі таксама запатрабавалі правесці мадэрацыю кантэнту, які транслюецца ў арганізацыях і на прадпрыемствах.