Бельгія стала першай краінай у свеце, якая прыраўняла работніц сэкс-індустрыі да звычайных працоўных

Гэты крок забяспечвае ім усе класічныя правы, уключаючы дазвол на афіцыйныя працоўныя дамовы, дэкрэтны адпачынак, медыцынскае страхаванне, пенсіі і адпачынак па хваробе.

02.12.2024 / 07:44

Бельгія стала першай краінай у свеце, якая прыраўняла работніц сэкс-індустрыі да звычайных працоўных, піша «Бі-бі-сі». 

Гэты крок забяспечвае ім усе класічныя правы, уключаючы дазвол на афіцыйныя працоўныя дамовы, дэкрэт, медыцынскае страхаванне, пенсіі і адпачынак па хваробе.

Закон таксама рэгулюе дзейнасць працадаўцаў, забараняючы працу асоб з крымінальным мінулым і патрабуючы захавання мер бяспекі. Правілы дазваляюць работнікам адмаўляцца ад любога кліента і палавога акту. 

«Гэта радыкальна. Гэта найлепшы крок, які мы бачылі ў свеце для абароны сэкс-работнікаў», — сказала Эрын Кілбрайд, даследчыца арганізацыі Human Rights Watch.

Не ўсе ўспрынялі гэты крок пазітыўна: частка актывістаў лічыць, што легальная сэкс-індустрыя нармалізуе прафесію, якая ўсё роўна прыводзіць да гандлю людзьмі, эксплуатацыі і жорсткага абыходжання.

Бельгія дэкрыміналізавала працу ў сферы сэкс-паслуг у 2022 годзе.

Nashaniva.com